У Балгарыі ў нядзелю, 13 лістапада, праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў, паведамляе DW. На вышэйшую дзяржаўную пасаду ў найбяднейшай краіне Еўрасаюза прэтэндуюць два кандыдаты, якія атрымалі лепшыя вынікі ў ходзе першага тура — гэта старшыня парламента Цэцка Цачава, 58-гадовая юрыстка з партыі «Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі» (ГЕРБ), і 53-гадовы беспартыйны генерал у адстаўцы Румен Радзеў, які балатуецца ад апазіцыйных сацыялістаў і выступае за больш цесныя сувязі з Масквой.

Фаварытам лічыцца прарасейскі кандыдат Радзеў — паводле розных сацапытанняў, за яго гатовы прагаласаваць 40-55 працэнтаў выбаршчыкаў, у той час як за Цачаву — 39-45 працэнтаў.

Ад вынікаў выбараў залежыць далейшы лёс правацэнтрысцкага ўрада ў Сафіі. Прэм'ер-міністр Бойка Барысаў, таксама прадстаўнік партыі ГЕРБ, абяцаў, што яго кабінет падасць у адстаўку, калі Цачава не атрымае перамогу. У такім выпадку краіну чакае ўжо трэці ўрадавы крызіс за тры гады.

Цяперашні кіраўнік дзяржавы, перакананы празаходні прэзідэнт Росен Плеўнеліеў, адмовіўся балатавацца на новы тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0