24 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні Закон «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Цяпер яму належыць прайсці зацверджанне верхняй палатай беларусканга парламента і Прэзідэнтам. Уступіць у сілу новы закон 1 верасня 2010 года.

Узгадаем перадгісторыю яго прыняцця.

4 красавіка мінулага года Савет Міністраў унёс на разгляд Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Праект Закона «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У траўні Праект быў змешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт‑партале Рэспублікі Беларусь у камп’ютэрным банку дадзеных праектаў законаў Рэспублікі Беларусь, а 13 жніўня — на сайце Міністэрства адукацыі.

Праект прадугледжваў унясенне цэлага шэрагу зменаў у існы правапіс. Аднак змяненне правапіснага стандарту з’яўляецца надзвычайнай мерай, якая патрабуе сур’ёзнага абгрунтавання. Папярэдняе азнаямленне са зместам Праекта дало падставы сумнявацца ў мэтазгоднасці прапанаваных у ім зменаў. Ды і само з’яўленне такога дакумента выглядае несвоечасовым.

З нагоды прыняцця закона 30 жніўня 2007 года адбылося пасяджэнне сакратарыята ТБМ, на якім было вырашана, што неабходным з’яўляецца правядзенне шырокага грамадскага абмеркавання Праекта Закона, апублікаванне яго ў дзяржаўных СМІ, правядзенне круглага стала з удзелам спецыялістаў, навукоўцаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і шырокай грамадскасці, а таксама распрацоўшчыкаў Праекта, прадстаўнікоў Савета Міністраў і Міністэрства адукацыі, дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

28 верасня 2007 года на сядзібе ТБМ адбыўся «круглы стол», прысвечаны абмеркаванню Праекта Закона «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Удзельнікі — беларускія навукоўцы, настаўнікі і журналісты — прынялі наступную рэзалюцыю:

«Мы канстатуем, што ў Рэспубліцы Беларусь склалася нездавальняючая сітуацыя з ужываннем дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця. Прапанаваны Праект Закона «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», на нашу думку, ніякім чынам не прадугледжвае паляпшэння сітуацыі і не спрыяе пашырэнню выкарыстання дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі краіны.

З мовазнаўчага пункту гледжання — на дадзены момант адсутнічаюць перадумовы для якаснага складання новага арфаграфічнага зводу з улікам сучасных патрабаванняў лінгвістычнай навукі: не распрацаваны тэарэтычныя асновы правапіснай кадыфікацыі, не маюць строгага акрэслення арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы; да гэтага часу не створана электронная база беларускай мовы.

З юрыдычнага пункту гледжання — звяртае на сябе ўвагу тое, што правядзенне змен у правапісе прапануецца ў форме закона. У выніку яго прыняцця грамадзяне, якія карыстаюцца беларускай мовай, падвергнуцца дыскрымінацыі, бо Праект Закона прадугледжвае «адзіныя Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, якія ўстанаўліваюць аднастайнасць пісьмовай беларускай мовы і з’яўляюцца абавязковымі на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь»; аднак падобнае адзінства і аднастайнасць арфаграфічных і пунктуацыйных нормаў не прадугледжваецца ў адносінах да іншых моў, у тым ліку ў адносінах да другой дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь — рускай.

У сувязі з вышэйсказаным мы лічым неабходным зрабіць наступнае:

1) адкласці прыняцце змен у правапісе беларускай мовы ў форме закона — да аднаўлення рэальнага функцыянавання беларускай мовы ў асноўных сферах дзейнасці дзяржавы;
2) апублікаваць Праект новай рэдакцыі Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі ў дзяржаўных друкаваных СМІ;
3) арганізаваць шырокае грамадскае абмеркаванне Праекта новай рэдакцыі Правілаў;
4) правесці навуковую канферэнцыю па праблемах беларускага правапісу;
5) правесці парламенцкія слуханні па праблеме прыняцця новай рэдакцыі Правілаў.»

25 чэрвеня 2008 года ў газеце «Звязда» з’явіўся артыкул Алы Мачалавай «Законныя правілы. Нюансы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі прайшлі пробу другім чытаннем». У дадзеным артыкуле цытуюцца словы старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова‑тэхнічным прагрэсе Уладзіміра Здановіча. Сп. Здановіч адзначыў у прыватнасці, што сярод асноўных змяненняў у правапіс прадугледжваюцца «новыя фармулёўкі правілаў і іншую сістэму іх групіроўкі, пашырэнне прынцыпу акання і напісання «ў» у словах іншамоўнага паходжання, спрашчэнне правілаў пераносу слоў, упарадкаванне напісання вялікай літары (так, паводле слоў дэпутата, з вялікай літары будуць пісацца ў выпадках высокага стылістычнага ўжывання словы «Радзіма», «Айчына», «Чалавек», «Маці»)».

Адзначаецца таксама, што распрацаваныя правілы не знялі ўсе праблемы беларускага правапісу, а сучасная моўная практыка мае патрэбу ў больш строгім вызначэнні правапісу канчаткаў часцін мовы. У правілах інфармацыю аб гэтым мы не знойдзем, бо гэта праблемы не арфаграфіі, а пунктуацыі. Такім чынам, існуе патрэба ў стварэнні ў будучыні асобнага дакумента.

Таварыства беларускай мовы адзначае пэўныя прагрэсіўныя рысы новага варыянту правапісу. Так, добра, што словы экзэмпляр, сэрвіс, інтэрнэт крыху змянілі сваё аблічча і пішуцца з літарай э.

Станоўча, што захоўваецца напісанне «і» пасля прэфіксоідаў звыш‑, між‑, пан‑, супер‑, транс‑, контр‑.

Што словы гарвыканкам, прафкам атрымалі нарэшце натуральны беларускі выгляд. На гэтыя прыклады было шмат нараканняў падчас абмеркавання.

Да таго ж з вялікай літары будуць зараз пісацца слова Бог і іншыя словы, звязаныя з рэлігійнай тэматыкай, напрыклад, Крыж Ефрасінні Полацкай, а таксама назва нашай былой дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае.

Пры гэтым маецца і шэраг заўваг. У тэксце Закона неаднаразова ўжываецца фармулёўка «пішацца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем». Аднак нідзе ў тэксце няма дакладнага вызначэння, што трэба разумець пад літаратурным вымаўленнем.

Зусім не зразумелы сэнс фразы, якая часта паўтараецца ў тэксце Закона «напісанне… вызначаецца па слоўніку». Які менавіта слоўнік маецца на ўвазе, кім і калі ён створаны?

Да таго ж застаецца адкрытым надзвычай актуальнае пытанне правапісу прозвішчаў і іх склонавых формаў.

Аднак самае адмоўнае заключаецца ў змесце Артыкула 2. Цытуем яго цалкам: «Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны кіравацца Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджанымі гэтым Законам, ва ўсіх сферах і выпадках выкарыстання пісьмовай беларускай мовы».

Такім чынам, класічны правапіс на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь фактычна забаронены, што паглыбляе раскол нашага грамадства, у тым ліку і па моўнай прыкмеце.

Вельмі цікавым з’яўляецца Артыкул 3, у якім «Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь да 1 верасня 2010 года даручаецца:

«забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам;
прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона».

Хочацца спадзявацца, што «іншыя меры» абмяжуюцца толькі друкаваннем новых слоўнікаў, падручнікаў і метадычнай літаратуры.

Алег Трусаў, Беларускія навіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0