Малдова — далёка не гісторыя поспеху. За 25 гадоў краіна стала самай беднай у Еўропе. Пры гэтым у ёй быў здзейснены самы вялікі крадзеж на кантыненце: імаверна, пры спрыянні кіраўніка краіны з банка вывелі мільярд даляраў. Катастрофа, а не дзяржава. Расія паспяхова адарвала ад Малдовы Прыднястроўе — і нягледзячы на тое, што гэты анклаў заціснуты між Малдовай і Украінай, Кішынёў не прыдумаў нічога, каб вярнуць кантроль над Ціраспалем. А не вельмі і хочацца: без Прыднястроўя прарасійскія сілы набіраюць на выбарах каля 50% галасоў, з Прыднястроўем набіралі б 70.

Калі прэзідэнтам Малдовы быў абраны Уладзімір Варонін, а камуністы атрымалі большасць у парламенце, здавалася, што Малдова далучыцца да Саюза Беларусі і Расіі. Аднак, гэтага не сталася. Партыя пад чырвоным сцягам не толькі захавала цвёрды курс на еўраінтэграцыю, але і сарвала маскоўскі праект канфедэралізацыі краіны, ды вытрымала беспрэцэдэнтныя санкцыі Масквы за гэта — забарону на экспарт усяго, чым Малдова гандлюе. Варонін пераарыентаваў малдаўскую сельскую гаспадарку на Еўрасаюз і Беларусь. 

Варонін быў былы кіраўнік міліцыі і па замашках тыповы «моцны лідар». Тым не менш, ён строга захаваў ранейшы канстытуцыйны лад, хоць дзеля гэтага яму давялося ісці на кампрамісы з правымі партыямі.

Зусім інакш сталася ў Кыргызстане. Пасля адхілення ад улады Бакіева прэзідэнт Алмазбек Атамбаеў хутка сканцэнтраваў усю ўладу ў сваіх руках, дзеля чаго перакраіў канстытуцыю. Бішкек далучыўся да Еўразійскага эканамічнага саюза і разарваў сувязі з Захадам.

Кім стане новы прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон? Вароніным ці Атамбаевым? Пытанне пра гэта застаецца адкрытае. У кожным разе, далучэнне Малдовы да ЕАЭС магчымае толькі ў выпадку перамогі сацыялістаў на наступных парламенцкіх выбарах.

Дадон — кадр «варонінскі». Яго біяграфія тыповая для малдаўскага палітыкуму. Нарадзіўся ў вёсцы, скончыў Аграрны ўніверсітэт, працаваў на біржы, Варонін узяў яго ва ўрад. 

Адкрытым застаецца і пытанне, у чым першапрычына эканамічнага правалу Малдовы ды Украіны. Ці краіны нашага рэгіёна прырэчаныя на спад у выпадку эканамічнага прэсінгу Расіі? Ці праблема ў карупцыі і бяздарным кіраванні? Побач маем прыклад Эстоніі і Літвы, якія з таго самага ўзроўню залежнасці і без сыравінных рэсурсаў ажыццявілі рывок і перайшлі ў іншую лігу. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?