У судзе Фрунзенскага раёна Мінска працягваецца працэс па справе Юрыя Бандарэнкі. 68-гадовага былога дырэктара беларускамоўнай гімназіі №4 Мінска абвінавачваюць у атрыманні хабару.

Юры (Георгій) Бандарэнка.

Юры (Георгій) Бандарэнка.

На мінулым пасяджэнні суд слухаў версію самога Бандарэнкі. Той прызнаў віну і падкрэсліваў, што расказвае ўсю праўду. Па словах Бандарэнкі, ён сапраўды папрасіў $500 у бацькі патэнцыйнага гімназіста — за тое, каб сын мужчыны дакладна трапіў у 5 клас.

А 14 лістапада суд выслухаў Валерыя Цярлецкага — таго бацьку, які і даў хабар тады яшчэ дырэктару гімназіі.

У прынцыпе, версія Цярлецкага спачатку нічым не адрознівалася ад словаў экс-дырэктара: іспыты здалі ў гімназію №20, але туды не прайшлі па балах. У чацвёртай гімназіі патрабаванні былі ніжэйшыя — вырашылі паспрабаваць трапіць туды.

Валеры Цярлецкі.

Валеры Цярлецкі.

Праўда, сцвярджае Цярлецкі, Бандарэнка размаўляў з ім вельмі рэзка.

«Дырэктар спытаў — як вы можаце ацаніць свайго сына? Я сказаў, што не разумею, пра што гутарка.

«Тады чаго вы прыйшлі сюды? Усталі і выйшлі вон адсюль», — адказаў мне дырэктар, - распявадае Цярлецкі. — Я кажу пачакайце, тое-сёе… Тады ідзіце і думайце, сказаў Бандарэнка».

Па словах Цярлецкага, спачатку ён хацеў дамовіцца без грошай. Паміж ім і Бандарэнкам нібыта адбыўся наступны дыялог:

— А што вы можаце прапаванаць? — спытаў дырэктар.

— Свае паслугі: рамонт, удзел у грамадскім жыцці школы…

— Такая дапамога нам не патрэбная.

 «Тады я зразумеў, што трэба грошы плаціць», — кажа Цярлецкі.

Размова працягнулася і на наступнай сустрэчы.

«Бандарэнка спытаў: «Вы падумалі?». Кажу, я падумаў. Ён мне даў аркуш паперы і ручку. Пішыце, кажа, у колькі ацэньвайце вучобу свайго сына ў гімназіі. Я напісаў 200 і намаляваў знак даляра. Ён сказаў, ідзіце адсюль, няма пра што гаварыць», — узгадвае Цярлецкі.

Але ж перамовы прадоўжыліся. Дырэктар напісаў 500. Цярлецкі пагадзіўся.

«Усё, гэта іншая справа. Не сумневайцеся, ваш сын першы ў чарзе», — паабяцаў Бандарэнка.

Бандарэнка слухаў Цярлецкага не гледзячы на яго.

Бандарэнка слухаў Цярлецкага не гледзячы на яго.

Пасля было яшчэ некалькі сустрэч. Але ўжо пасля другой сустрэчы Цярлецкі пайшоў у КДБ. Па яго словах, зарабляе ён каля 4-4,5 мільёнаў «старымі» штомесяц. Сплаціць $500 дырэктару было б няпроста, прыйшлося б пазычаць у сваякоў.

Але ў КДБ Цярлецкі пайшоў не ад беднасці:

«Бандарэнка жорстка са мной пагаварыў. Наконт шматдзетнай сям’і — гэта мяне абразіла…

Кожнае дзіця павінна вылазіць як толькі можа, ён мне так казаў. А не падабаецца, кажа — ўсталі і выйшлі з кабінета, тут дырэктар працуе. Са мной ніколі так ніхто не гаварыў і я ні з кім ніколі…»

Цярлецкі пакрыўдзіўся на такое стаўленне і вырашыў закласці Бандарэнку.

«Ці можна так, каб так размаўлялі?», — абураецца ён.

Цярлецкі звярнуўся ў КДБ.

«Пасля да мяне адтуль пад’ехаў чалавек, я распавёў, якая праблема. Пагаварылі на вуліцы, потым паехалі ў кантору. Я напісаў заяву, што дырэктар вымагае $500».

На наступныя сустрэчы Цярлецкі хадзіў ужо «ўзброены» спецтэхнікай, якая пісала гук і відэа. На пятай сустрэчы, калі Цярлецкі перадаваў грошы, Бандарэнку і затрымалі.

Пасля Цярлецкага выслухалі настаўнікаў гімназіі, якія былі панятымі ў дзень затрымання. У кожнага з іх адвакат Юрыя Бандарэнкі прасіў ахарактарызаваць экс-дырэктара. Пра свайго былога кіраўніка ніхто з педагогаў нічога дрэннага не сказаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?