Белтэлерадыёкампанія змяніла рэгламент Нацыянальнага адбору на Еўрабачанне. 

Упершыню ўдзельнікам Еўрабачання ад Беларусі можа стаць замежнік. «Да ўдзелу … дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства», — гаворыцца ў правілах.

«Наша Ніва» спытала ў былых удзельнікаў нацыянальнага адбору пра тое, як яны ставяцца да такіх зменаў.

Аляксей Грос

«Праект Еўрабачанне — гэта міжнародны праект, і з аднаго боку нічога страшнага ў тым, што будзе выканана песня на замежнай мове ці Беларусь будзе прадстаўленая выканаўцам іншай краіны. Калі успомніць мінулы год, то прадстаўніца Аўстрыі выступала с песняй на французскай, і гэта ёй не перашкодзіла заняць 12-е месца. Трэба зразумець, што ўсё залежыць ад таго, якую мэту ставіць Белтэлерадыёкампанія. Я лічу, што мы як нацыя яшчэ шырока сябе не прадставілі свету і Еўропе, не паказалі сваю ідэнтычнасць, тым больш конкурс будзе праходзіць у Кіеве, а для нас гэта родны горад, як і ўся Украіна. Гэта будзе самы лёгкі спосаб заявіць пра сябе ў Еўропе! Таму я лічу, што на Еўрабачанне павінен ехаць беларус і з беларускамоўнай песняй».

Гурт «NAVI»

«Нам насамрэч цікава, хто з замежных выканаўцаў можа паспрабаваць свае сілы ў беларускім нацыянальным адборы. Мы нічога не маем супраць, бо нам таксама ёсць што паказаць. Мы напісалі вясёлую драйвовую песню, з якой будзем удзельнічаць. Атрымаўшы досвед ад папярэдняга ўдзелу, мы другі і апошні раз паспрабуем больш адказна і ўпэўнена падыйсці да конкурсу. Калі памятаеце, гурт Litesound спрабаваў у мінулым годзе паехаць на Еўрабачанне ад Малдовы. У прынцыпе, гэта нармальная практыка, калі гурты ці спевакі з іншых краін выступаюць за іншую краіну».

Юрый Вашчук (ТЭА)

«Я каментаваць не буду, бо мне падаецца, што ўся гэтая навіна была не тое каб на мяжы качкі… Але я не думаю, што гэта сапраўды так. Я гэтых дакументаў у руках не трымаў, таму нічога сказаць не магу».

Уладзімір Каракін (гурт Litesound)

«Я думаю, гэта даволі прагрэсіўнае рашэнне, бо на Еўрабачанні неаднаразова былі прыклады ўдалых выступаў прадстаўнікоў краіны, якія не з'яўляюцца грамадзянамі гэтых краін. Таму ў гэтым няма нічога звышнатуральнага. Калі цікавіць добры вынік на Еўрабачанні, а не падтрымка нацыянальных выступоўцаў, то такое рашэнне будзе цікавым. Але безумоўна, варта чакаць павышаную цікавасць з боку Расіі, бо ўплыў расійскага шоў-бізнэсу вельмі моцны на тэрыторыі Беларусі. Таму іх зацікавіць магчымасць патрапіць на Еўрабачанне праз наш нацыянальны адбор. Але я думаю тыя, хто змяняў рэгламент, улічвалі гэта. У Малдове, калі мы спрабавалі свае сілы, вельмі пазітыўна ставіліся да нашага ўдзелу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?