Сёлета 7 лістапада ў Мінску падчас ускладання кветак да помніка Леніну на плошчы Незалежнасці. Фота Сяргея Гудзіліна.

Сёлета 7 лістапада ў Мінску падчас ускладання кветак да помніка Леніну на плошчы Незалежнасці. Фота Сяргея Гудзіліна.

У камуністаў і іх дубагаловых сябрукоў з нізавой вертыкалі, якія праз уласнае тугадумства не паспелі зарыентавацца ў плыткай кан’юнктуры апошніх 24 месяцаў, логіка спісаная з падручніка па гісторыі БССР. Па гэтай логіцы індусы, напрыклад, мусяць быць удзячнымі за ўласную незалежнасць брытанцам. Не вызвольнай барацьбе, не ідэям Гандзі, а брытанцам. Бо тыя ж вызвалілі ў XVIII стагоддзі індусаў ад прыгнёту французаў і галандцаў (а галандцы, у сваю чаргу, яшчэ раней, у XVII ст., вызвалілі Індыю ад партугальцаў)! Дык хвала каланізатарам!

Той факт, што адна турма, царская, змянілася для нас іншай турмой — савецкай, неяк праходзіць міма мазгоў гэтых недаадукаваных кукарэкаў.

Пры прыняцці рашэння помнік ля МТЗ быў інтэрпрэтаваны як крок насустрач пажаданням народа. Маўляў, працоўныя ў нас настолькі любяць Леніна, што падчас 7 лістапада будуць усцешаныя такому падарунку, аднаўленню помніка. Але з народам у Беларусі якраз усё нармальна. Народ тут цяпер больш абазнаны за тых, хто думае, што гэты народ можна адорваць Ленінымі.

Як аднесліся да здані з мінулага беларусы, добра бачна вось тут. Па стане на 12 лістапада форум пад артыкулам пра адкрыццё помніка прачытала 47 тыс. 300 чалавек — паказнік, які робіць паводзіны юзераў сацыялогіяй. Пры гэтым тут.бай ліберальным рэсурсам ні разу не з’яўляецца. Паглядзіце на размеркаванне сімпатый пад рэплікамі і зразумейце, на чыім баку краіна. «Маразм! Які Ленін!» — 690 «за», 90 «супраць». «Памятника кому? Вы там с ума посходили все что ли»? 700 — «за», усё тыя ж 90 — «супраць». І гэтак далей — можаце азнаёміцца самастойна. Атрымалася, што замест адорвання публіку чарговым разам раззлавалі. Прычым на пустым месцы. Каментары пра стан МТЗ, адсутнасць месцаў памяці, звязаных з Барадуліным, Быкавым ды Гілевічам, не хочацца нават прыгадваць, каб не закіпаць самому і не заводзіць чытачоў.

У нейкім сэнсе я задаволены тым, што яны выцягнулі Леніна на свет Божы. Бо праз гэты раздражняльнік увесь паспаліты люд знянацку мусіў выпрацаваць стаўленне да Леніна ды камунізму (пра якіх ужо забылі). І выявілася, што Ленін — болей не наш герой. І не трэба цешыць сябе ілюзорнай блізкасцю ідэалогій! Калі б Уладзімір Ілліч раптам ачомаўся пасярод Беларусі 2016-га, ён бы не да праўладных камуністаў далучаўся, не ў райсавет уваходзіў і не ў «Белую Рюсь». Ён бы ўзначаліў барацьбу жыхароў халуп у Паўночным пасёлку супраць буйнога бізнесу, які правёў праз выканкам рашэнні па зносе тых хацін.

Сённяшняя ідэалогія беларускай дзяржавы — гэта выбуховая сумесь неалібералізму ў дачыненні да адных інвестараў, крайняга пратэкцыянізму — у дачыненні да іншых інвестараў, аздобленая рэйганавых памераў ультракансерватызмам у сацыяльнай сферы. Адно што, уводзячы падатак на галечу, Рональд Рэйган не называў Амерыку «сацыяльнай дзяржавай», не расстаўляў па яе гарадах помнікаў Леніну ды Марксу. Але і ў выпадку з Беларуссю гэта выглядае ўжо недарэчна.

Час, калі беларусам можна было дагадзіць выцягнутым з-пад зямлі Іллічом, мінуў гадоў гэтак 10 таму. Калі пенсіі былі вялікімі, праезд для старых — бясплатным, а генерацыя, якая памятала пра хаджэнне ў калоне на 7 лістапада, — жывой і адносна здаровай. Тады расклад эмоцый пад аналагічным артыкулам на тут.баі яшчэ мог быць іншым. Сёння чырвоныя дні календара яшчэ захаваліся, але прапановы перакваліфікаваць клас занятых на буйных заводах у абслугу айцішнікаў, у вытворцаў смузі ды падносчыкаў піцы пакрысе ператвараюцца ў мэйнстрым. І ўсё гэта ў горадзе, дзе нейкія дурні яшчэ водзяць карагоды вакол савецкіх помнікаў.

Адкуль жа тады зваліўся Ленін? Я думаю, што ведаю адказ.

Справа ў тым, што цяпер у Расіі сапраўдны бум цікаўнасці да сталінскага мастацтва, скульптуры савецкага рэалізму ды іншай эстэтыкі савецкіх часоў. У сваім артыкуле для Die Zeit я тлумачу гэта тым, што ў Расіі, поруч з выспяваннем вялікай дзяржавы, узнікае патрэба ў «буйным стылі». Бо імперыі без імперскага мастацтва не бывае. І паколькі дзейныя мастацкія эліты (акрамя Міхалкова і Прылепіна) здольныя адно да сацарту, а не да сацрэалізму, Расія ў эстэтычным плане задуменна дрэйфуе ў савецкія часы, пачынаючы адчуваць асалоду ад сутыкнення з экспанатамі савецкіх музеяў.

Не так даўно ў «Рускім піянеры» быў артыкул пра тое, што помнікі Леніну ды Сталіну зараз паперлі па ўсёй федэрацыі як грыбы пасля дажджу. Іх дастаюць з запаснікаў музеяў, адкопваюць у лясах, з вялікай помпай усталёўваюць у тых месцах, дзе зусім нядаўна была аўтастаянка, парк ці проста лавачка. І са сваім МТЗаўскім Іллічом беларускія леніналюбы пастараліся лагодненька ўліцца ў гэты трэнд.

Адна бяда. Краіну пераблыталі!

Беларусь — не Расія! Нам таго Леніна не трэба ні з якога боку. Калі вы, таварышы, возьмеце звычку глядзець навіны на АНТ часцей за навіны на «Расія 24», вы пабачыце, што мэйнстрымам у Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца дэсаветызацыя і ўмацаванне суверэнітэту. Не трэба нас упісваць вензялёчкам у савецкі вялікі стыль, бо гэты стыль сёння апрапрыявала Расія. Вам гэта можа падавацца ўтульным, але вашы начальнікі — асабліва праз непаразуменне ў пытанні «$135 за тысячу кубоў» — ужо даўно не бачаць сябе васаламі Масквы.

Ленін каля МТЗ — гэта выразны крок да таго, каб кіраўніцтва МТЗ, як і раней, прызначалася ў сталіцы СССР. Што пра гэта скажуць тыя, хто зацвярджае бюджэт БРСМ?

Вызначальнай рысай жыццяздольнага чыноўніка з’яўляецца добрая інтуіцыя. Гэта пісьменнік можа ляпнуць палітычна недальнабачную тэзу і застацца пісьменнікам. Да чаго прывяло ўсталяванне помніка Леніну ля МТЗ? Да процьмы раздражнёных каментаў? Да з’яўлення ў горадзе прыцягальнага цэнтра для вандалаў? Гераізацыі Змітра Дашкевіча? Чарговага асуджэння міліцыі і АМАПа?

І што, хіба ніхто за гэта не атрымае па галаве?

Прыбірайце хутчэй гэты помнік. На тэрыторыю МТЗ, за плот, пад зямлю, у Маскву, але як мага хутчэй. І болей не памыляйцеся з аб’ектамі ўласнага патрыятызму. Ці мяняйце нарэшце грамадзянства на тое, што не будзе канфліктаваць з унутраным Іллічом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?