Жыхар горада Жыткавічы ўдарыў нажом у грудзі выпадковага спадарожніка ў цягніку Брэст—Віцебск, паведаміў БелТА намеснік начальніка Лунінецкага РАУС Аляксандр Якавец.
Сварка паміж пасажырамі агульнага вагона ўзнікла ў дарозе ў раёне станцыі Лахва Лунінецкага раёна. Знаходзячыся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення, 40-гадовы жыхар горада Жыткавічы наўмысна нанёс 50-гадоваму жыхару Полацкага раёна некалькі удараў сувенірным нажом у вобласць грудной клеткі. Адзін з удараў пяцісантыметровым лязом прыйшоўся ў вобласць лёгкага. Мужчын знялі з цягніка ў Мікашэвічах. Пацярпелага з дыягназам «левы пнеўматоракс» шпіталізавалі ў раённую бальніцу. Яго крыўдзіцеля змясцілі ў ІЧУ.
Як пазней растлумачыў свае дзеянні падазраваны, яму здалося, што мужчына чапляўся да яго непаўналетняй дачкі.
Лунінецкі РАСК распачаў у дачыненні да падазраванага крымінальную справу па ч.1 ст.147 (наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў) КК. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін ад чатырох да васьмі гадоў.