Падчас адкрыцця Чэмпіянату свету па хакеі 8 мая 2014 года. Фота Сяргея Гудзіліна.

Падчас адкрыцця Чэмпіянату свету па хакеі 8 мая 2014 года. Фота Сяргея Гудзіліна.

Новы рэйтынг інфармацыйнага агенцтва Sportcal быў апублікаваны на саміце, прысвечаным пытанням развіцця сусветнага спорту і турызму 14 кастрычніка на Сусветнай турыстычнай выставе.

У рэйтынгу ўлічваюцца дадзеныя пра 610 гарадоў, якія калі-небудзь прымалі ці плануюць правесці ў будучыні 787 спартыўных падзей па 75 відах спорту ў 146 дысцыплінах за 14-гадовы перыяд (ад 2010 да 2023 гг.).

Мінск упершыню трапіў у топ-20 самых спартыўных гарадоў, адразу падняўшыся на 32 пазіцыі да 19-га радка рэйтынгу (набраўшы 4,643 ачкі).

Сваім поспехам Мінск шмат у чым абавязаны паспяховаму правядзенню і вынікам 45-й Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якая адбылася сёлета 20-22 кастрычніка, з удзелам прадстаўнікоў усяго спартыўнага руху, у тым ліку прэзідэнтаў АНАК, ЕАК, прадстаўнікоў НАКаў, аргкамітэтаў Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў, Юнацкіх алімпійскіх гульняў і Еўрапейскіх юнацкіх алімпійскіх фестываляў.

Рашэннем большасці дэлегатаў Генеральнай асамблеі Мінск атрымаў права на правядзенне аднаго з найбуйнейшых кантынентальных спартыўных форумаў — у 2019 годзе ў сталіцы адбудуцца другія Еўрапейскія гульні, дзе лепшыя спартоўцы з 50 краін-удзельніц ЕАК будуць змагацца за медалі.

Сталіца Беларусі ўжо мае вопыт правядзення буйных міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку матч зорак КХЛ у 2010 годзе, чэмпіянат свету па фігурным катанні сярод юніёраў у 2012 годзе, чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, чэмпіянат свету па футзале і чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы ў 2015 годзе.

Сталіца Венгрыі Будапешт, адзін з гарадоў-кандыдатаў на правядзенне летніх Алімпійскіх гульняў у 2024 годзе, трапіў у дзясятку рэйтынгу, падняўшыся на 5 пазіцый і заняўшы выніковае 7-е месца. Лос-Анджэлес, які таксама прэтэндуе на права правядзення Алімпіяды ў 2024 годзе, заняў 34-ы радок, а Рым, што раней адклікаў заяўку на прыняцце Алімпіяды-2024, знаходзіцца на 42-й пазіцыі.

Па версіі інфармацыйнага агенцтва Sportcal, ужо пяць гадоў Лондан захоўвае статус самага спартыўнага горада ў свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0