Падчас свайго выступу ў парламенце 16 лістапада Герашчанка адзначыла, што супраць рэзалюцыі прагаласавалі 23 краіны свету. «Сярод іх ёсць як краіны, якія, як правіла, хваравіта ставяцца да любога абмеркавання правоў чалавека, так і адкрытыя сатэліты Крамля», — сказала яна.

Паводле яе слоў, асабліва для Украіны непрыемнымі былі тры галасаванні: Арменіі, Казахстана і Беларусі.

«Мы паважаем права Арменіі і Казахстана на іх асаблівыя адносіны з Расійскай Федэрацыяй, мы ўсё разумеем. Але і ў сяброўскіх нам Арменіі і Казахстане павінны разумець, што сёння Украіна і ўкраінскі народ ваююць не толькі за нашу незалежнасць. Мы адстойваем права ўсіх постсавецкіх краін мець незалежную знешнюю палітыку», — заявіла віцэ-спікер.

«А што тычыцца пазіцыі Беларусі, то мы расцэньваем яе як нож у спіну. Мы ўдзячныя беларускаму боку за незалежную пляцоўку ў Мінску [для сустрэч Трохбаковай кантактнай групы], мы цэнім гэта. Але незалежная пляцоўка павінна быць незалежнай ва ўсіх пазіцыях. А не заангажаванай… Таму мы звяртаемся да Беларусі з просьбай паважаць права Украіны адстойваць нашу незалежнасць і суверэнітэт і разумець, што наступным будзе Мінск, калі Кіеў не абароніць сваю незалежнасць», — заявіла Герашчанка.

Нагадаем, што 16 лістапада ўпершыню ў афіцыйных дакументах ААН Крым і Севастопаль былі названыя акупаванымі тэрыторыямі. Такая фармулёўка замацаваная ў рэзалюцыі «Сітуацыя з правамі чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопаль (Украіна)», ініцыяванай Украінай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?