Галівудскі акцёр Джоні Дэп падтрымаў украінскага рэжысёра Алега Сянцова, паведамляе Gordonua са спасылкай на Rolling Stone.

Rolling Stone

Праваабаронцы з Voice Project абвясцілі аб пачатку кампаніі «У заключэнні за мастацтва» (Imprisoned for Art), у межах якой вядомыя артысты і музыканты спрабуюць прыцягнуць увагу да лёсу сваіх калег з розных краін свету, якія апынуліся за кратамі па палітычных матывах. 

У рамках праекта галівудскі акцёр Джоні Дэп падтрымаў украінскага кінарэжысёра Алега Сянцова, які знаходзіцца ў расійскай турме. Для гэтага акцёр сфатаграфаваўся з шыльдачкай, на якой паказанае месца зняволення Сянцова, а таксама тэрмін, які прысудзілі яму ў Расіі.

На сайце праекту адзначаецца, што Сянцоў знаходзіцца ў турме па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў за яго ролю ў барацьбе з анексіяй Крыма.

Кожная фатаграфія акцёраў будзе надрукаваная на футболцы, якая будзе даступная для пакупкі на сайце праекта. Даходы ад продажу футболак плануецца выдаткаваць на арганізацыі, якія прыкладаюць намаганні па вызваленні палітвязняў.

У маі 2014 года ў Сімферопалі былі арыштаваныя чацвёра мясцовых праўкраінскіх актывістаў: Генадзь Афанасьеў, Аляксей Чырній, Аляксандр Кольчанка і кінарэжысёр Алег Сянцоў. У жніўні 2015 года расійскі суд прызнаў іх вінаватымі ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме і падпале офісаў дзвюх партый у Сімферопалі.

Афанасьеў і Чырній пагадзіліся супрацоўнічаць са следствам і атрымалі па сем гадоў турмы. Сянцоў быў прысуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі, Кольчанка — да 10 гадоў.

21 кастрычніка 2016 года стала вядома, што Расія адмовілася перадаваць Украіне Сянцова ў рамках Канвенцыі аб перадачы асуджаных асоб 1983 года, спасылаючыся на тое, што ў яго расійскае грамадзянства. Пры гэтым у сакавіку 2016 года ў дакладзе расійскага амбудсмена гаварылася, што прававая нявызначанасць у дачыненні да грамадзянскай прыналежнасці Сянцова і Кольчанкі «была ліквідаваная і прызнанае іх украінскае грамадзянства».

Адвакат Сянцова Дзмітрый Дынзе заявіў, што юрыдычна ў Сянцова няма расійскага грамадзянства, таму што ўсіх жыхароў Крыма аўтаматычна прызналі грамадзянамі РФ, а гэта супярэчыць Канвенцыі па правах чалавека і расійскім законам.

У канцы кастрычніка сястра Сянцова Наталля Каплан заявіла, што яе брата перавялі ў штрафны ізалятар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?