Галоўнаму рэдактару партала Krynica.info Максіму Гацаку дваццаць восем. Акрамя шматлікіх журналісцкіх і грамадскіх справаў, ён яшчэ выступае ў ролі шматдзетнага бацькі — зусім нядаўна ў журналіста нарадзілася трэцяе дзіця. І мала хто ведае, што яго жыццё рэзка перамянілася некалькі гадоў таму, калі ён пачуў, што ў іх з жонкай — анкалогія. У «іх» — бо ніводнага разу за нашую размову ён не сказаў «у яе». Мала хто ведае, што ў іх магло быць і чацвёртае дзіця, калі б цяжарнасць не перастала развівацца на семым тыдні. Мала хто ведае, што ён, калі натхняе і ўмацоўвае веру тысячаў беларусаў праз адзіны міжканфесійны партал, штодня змагаецца з тым, каб яе не страціць.

— Табе было дваццаць гадоў, калі ты ажаніўся з Надзеяй. Звычайна ў такім узросце нават за сябе цяжка несці адказнасць, а ты быў адказным ужо за цэлую сям’ю. Не страшна было браць гэтую адказнасць на сябе ў такім маладым узросце?

— Жаніцца трэба своечасова. Можна ажаніцца позна і развесціся рана. Проста варта ўсведамляць сваю адказнасць за ўсё, што ты робіш. У нас першае дзіця нарадзілася, калі мне быў дваццаць адзін год. Канечне, цяжка было ў тым плане, што ў такім узросце ты, мажліва, яшчэ не дайшоў да такога стану, калі гатовы перачытаць усе кніжкі па выхаванні дзіцяці. Прагненне нараджаць і выхоўваць дзяцей бывае ўжо тады, калі ты набліжаешся да трыццацігадовага ўзросту. У нашай маладой сям’і было шмат цяжкіх момантаў. Але яны здараліся не па нашай віне, а ў сувязі са здароўем жонкі. Але ж, як кажуць, «ўзяўся за гуж — не кажы што не дуж». Прынамсі, думак сысці або ўсё кінуць у мяне не ўзнікала ніколі.

— Як гэта — даведацца, што твой самы дарагі чалавек хворы на анкалогію і што ты не ў сілах на нешта паўплываць?

— Спачатку мы не ведалі, што гэта. Нейкія наросты ў жываце. Больш за два гады таму, калі мы выхоўвалі двух дзяцей, Надзея зацяжарыла трэцім. Праз гэта вырашыліся, нарэшце, прайсці абследаванне. Дактары ў паліклініцы пасылалі Надзею куды падалей і казалі: «Навошта ты шукаеш хваробу — ў цябе ўсё нармальна». Пасля мы адшукалі добрых дактароў, якія нам і паставілі дыягназ — фалікулярная няходжкінская б-клетачная лімфома, 4-я стадыя. Але пасля мы даведаліся, што гэта лякуецца. І лекаваліся. Пасля пэўнага перыяду лекавання думалі, што стан стабілізаваўся. Але неўзабаве хвароба прыйшла ізноў. І мы зноўку сталі лекавацца. Вельмі цяжкімі момантамі сталі тыя, калі жонку клалі ў лякарню. А за апошнія гады гэта было вельмі часта. Мне трэба было адначасова працаваць і сядзець з дзецьмі. А нашая цяжарнасць, якая дапамагла выявіць хваробу, не развівалася. Па сканчэнні другога перыяду ў нашым лекаванні, калі нам трэба было рабіць другое выніковае абследаванне, Надзея зацяжарыла зноўку. І гэты перыяд для мяне стаў, напэўна, самым крызісным.

— Вам прапаноўвалі рабіць аборт?

— Нас прымушалі рабіць аборт, праўда, не дактары з анкалогіі. І я вагаўся. Я не ведаў, ці выжыве пры гэтай цяжарнасці жонка, ці будзе здаровым дзіця. Для мяне было незразумелым вучэнне Касцёла: ці дазваляецца рабіць аборты ў тым выпадку, калі жыццё маці знаходзіцца пад пагрозай. Я памятаю той дзень — 19 сакавіка — урачыстасць святога Язэпа Абручніка, калі я больш не мог трываць і пайшоў на споведзь, дзе распавёў святару ўсю нашую сітуацыю. І ён сказаў мне, што аборт тут дапушчальны. Ніхто не патрабуе геройства ад жанчыны, калі ёй пагражае смерць. Мы кансультаваліся па гэтым пытанні з рознымі святарамі і дактарамі. І ўсе святары, з якімі мы раіліся, пацвердзілі, што ў нашым выпадку мы можам рабіць аборт. Дактары ж казалі, што не ўсё так катастрафічна. І калі мы мелі столькі звестак, канечне, было прасцей зрабіць нарэшце выбар. І менавіта праз столькі звестак было прасцей зразумець, што ты не робіш аборт не таму, што нельга яго рабіць, а таму што гэта — ТВАЯ воля.

— А што падштурхнула да рашэння захаваць дзіця, нягледзячы ні на што?

— Я думаю, што гэта УГД. Мы пабачылі, што дзіця ўжо развіваецца. Калі ты не бачыш яго, то спакусаў значна больш. Мы абралі жыццё. І некалькі дзён таму (гутарка праходзіла ў кастрычніку — рэд.) у нас нарадзілася здаровае дзіця, нягледзячы на ўсё тое, чым нас пужалі. Жывая і здаровая таксама Надзя.

— Мне падаецца, што калі жыццё складаецца з адных выпрабаванняў, то губляецца самае галоўнае — вера ў Бога…

— Так. Яна пахіснулася. Але я ніколі не пераставаў верыць у Бога, бо бачыў лагічныя доказы Яго існавання. Але былі моманты, калі ты наўпрост не разумееш, што адбываецца: калі не ведаеш, як дапамагчы, што зрабіць. Калі, падаецца, што ўсё добра, прайшлі адзін курс хіміі, а тут — опа — трэба праходзіць і другі, больш цяжкі. Калі ўжо трэба рабіць выніковае абследаванне, і тут выяўляецца цяжарнасць, якая пагражае жыццю жонкі… Здаецца ж, усё нарэшце вырашылася, стабілізавалася. І тут адбываецца нешта новае. Жонка зацяжарыла. Ці выжыве жонка, ці будзе здаровым дзіця… І калі цябе ўсе пужаюць і прымушаюць рабіць аборт, то ты не разумееш наогул, за што табе гэта дадзена. І нібыта ведаеш хрысціянскі прынцып праходжання выпрабаванняў — задаваць пытанне не «чаму?», а «навошта?». А усё адно пытанне «Чаму?» задаеш. І крыўдзішся на Бога. І злуешся на Яго.

— Ці прыйшло гэтае разуменне зараз — для чаго?

— Зараз прыходжу да таго, што трэба больш давяраць Богу. Як ні дзіўна, але гэтая небяспечная цяжарнасць дапамагла жонцы. Стволавыя клеткі дзіцяці, калі фармаваліся, дапамаглі змагацца з хваробай. Месяц таму ў нас была канстатавана рэмісія.

— Ты даўно ўжо займаешся пралайфаўскай дзейнасцю. Ці можаш нешта параіць жанчынам, якія знаходзяцца ў такіх жа крызісных сітуацыях, якія вы зусім нядаўна перажывалі?

— Трэба верыць, трэба спрабаваць зразумець. Але параіць нешта канкрэтнае ў такіх сітуацыях я не магу. Ёсць жа розныя хваробы маці. Ёсць хваробы, як наша, калі ў прынцыпе, можна цяжарыць. А ёсць, калі катэгарычна нельга, бо нараджаць у такім выпадку — значыць памерці самой. У такіх цяжкіх сітуацыях, калі нараджэнне дзіцяці можа пацягнуць за сабой смерць, выбар варта пакідаць за маці і яе сям’ёй. А сказаць, што «ўсё будзе добра», я не магу. Я не прарок. Пры гэтым муж, сям’я мусяць абавязкова аказаць ёй падтрымку.

— Як ты перажываеш частую адсутнасць жонкі?

— Мне не хапае кантактавання з ёй. Гэта адно, напэўна, з самых цяжкіх выпрабаванняў для мяне — моманты яе адсутнасці. Ты сядзіш вечарамі адзін. Дзеці пакладзеныя спаць. І ты не ведаеш, што рабіць. Можна паглядзець фільм. Можна пачытаць, папрацаваць. Але няма з кім перамовіцца. Тэлефон, скайп — гэта не тое. А паколькі сядзіш з двума дзецьмі, выбрацца да яе цяжка. А калі хварэў сын, то наогул гэта амаль немагчыма. Цяжка яшчэ перажываць і крыўды дзяцей на маці. Яны крыўдзяцца, што яе няма доўга дома.

— Зараз модна казаць пра сямейныя крызісы і спосабы іх пераадолення. Ці былі ў вашай сям’і такія крызісы?

— У нас іх не было. Я думаю, што адзін з супрацькрызісных рэцэптаў — гэта сямейны адпачынак. Мы спрабавалі адпачываць, звычайна без дзяцей. Калі ёсць адпачынак, калі бацькі могуць пабыць сам на сам, — гэта, пэўна, выйсце.

Было цяжка, калі мы рабілі выбар — пакідаць цяжарнасць або не. Я сказаў, што падтрымаю яе рашэнне, нават калі мне будзе вельмі цяжка. І што я магу сварыцца і злавацца, але я ў любым выпадку буду побач. І я сварыўся, так. Бо было сапраўды цяжка. Але шмат у чым я не меў рацыі. Мы сварыліся. Але пасля сваркі заўсёды мірыліся, бо разумелі, што гэта ўсё адбываецца таму, што нам цяжка фізічна. Нам цяжка маральна.

За гэты год мы не змаглі выехаць нават на лецішча, не кажучы пра большае. Усё было ўжо ўладкавана, я ўзяў адпачынак. Збіраемся ўжо выязджаць, а ў жонкі падымаецца высокая тэмпература. І ўвесь час майго адпачынку яна хварэе.

А ўпершыню, калі ў мяне за шмат гадоў паднялася тэмпература, Надзея была ў бальніцы. Не атрымалася нават спакойна пахварэць, бо на мне былі дзеці. Самае добрае рашэнне, калі адчуваеш, што ўжо не можаш, — гэта з’ехаць і змяніць абстаноўку. А калі гэтага не атрымліваецца зрабіць, як у нас увесь год, то з’яўляюцца зрывы і дэпрэсіі. Але ты ўсё адно падымаешся ранкам, развозіш дзяцей па садах і школах, пасля едзеш працаваць, пасля забіраеш адно дзіця і, працуючы, правяраеш урокі, зноўку працуеш, пасля забіраеш другога, корміш, кладзеш спаць і зноўку працуеш.

Мне, напрыклад, дапамагае яшчэ і грамадская дзейнасць, бо яна вырывае з таго, у чым я пастаянна варуся. Калі ты ўвесь час сядзіш дома і працуеш, то пачынаеш сябе шкадаваць. А калі спрычыняешся да вырашэння нейкай грамадскай праблемы, то гэта дапамагае табе крыху адвесці думкі. Але, вядома, часам хочацца і пабыць у спакоі.

— Што ты робіш, калі сама Надзея губляе веру?

— Калі сам не сутыкаешся з такой сітуацыяй, то можаш фактычна кожнаму нешта параіць. Але калі ты сутыкнуўся сам, то ўсё ўжо робіцца не такім простым. Але галоўнае тут — быць заўсёды побач і проста падтрымліваць. Раней мы штовечар чыталі Біблію. У гэтым годзе яна часта пакрывалася ў нас пылам. Канечне, трымае нас і споведзь, і камунія. Але часам праз крыўду на Бога проста не можаш маліцца. Але калі я пераадольваю сябе і малюся, становіцца лягчэй.

— Змагаючыся штодня з самім сабой, выхоўваючы дзяцей, ты яшчэ цягнеш і маладую Krynica.info, намагаючыся развіваць у Беларусі міжканфесійную пляцоўку. Думаю, значна прасцей быў бы табе і сям’і варыянт больш спакойнай і менш ахвярнай працы…

— Намнога прасцей. Але Крыніца патрэбная. Беларусі патрэбная тая пляцоўка, дзе б голас хрысціян гучаў бы моцна, бо ў асноўным нашыя рэлігійныя рэсурсы гнуць сваю лінію, пазіцыянуючы сябе як вузкаканфесійныя сайты. Канечне, займацца Крыніцай — цяжкая справа. Самае цяжкае — гэта тое, што вельмі мала водгуку і падтрымкі сярод саміх хрысціян. Ты ж нібыта робіш усё для іх, а водгукаў мала. Могуць патэлефанаваць, раскрытыкаваць, а падтрымаць або запытаць «чым дапамагчы?» — з гэтым праблема. Часам тым, хто крытыкуе, прапаноўваю далучыцца да нас і дапамагчы. Адказу на гэта звычайна не атрымліваю. Таму такое адчуванне, што ты ўвесь час камусьці нешта вінен — бясплатны прадукт з высокай якасцю. Гэтакія спажывецкія адносіны. Але я вельмі мару пра тое, каб Крыніца развівалася.

— Мне падаецца, што калі напрацягу некалькіх гадоў жыццё ламае ўсе планы, то проста развучваешся марыць…

— Не, марыць я не развучыўся. Але наўпрост перастаў планаваць. Жыццё апошніх пару гадоў навучыла мяне таму, што ўсё рэзка можа змяніцца. Калі будуеш планы і пасля нешта не атрымліваецца, то становіцца вельмі балюча. «Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць; няма ў іх ні сховішчаў, ні засекаў, і Бог корміць іх; наколькі ж бо вы лепшыя за птушак?» «Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх». Гэта цытата з Бібліі, якая тычыцца і мяне. Я бачу гэтыя дабраславенні. За апошнія гады, у асноўным, не я знаходзіў працу, а праца знаходзіла мяне. Патрэбнае толькі жаданне і гатоўнасць працаваць.

— Ты — той чалавек, які праходзячы праз выпрабаванні не здаецца, але ідзе далей. Што ты можаш сказаць людзям, якія шмат гадоў знаходзяцца ў цемры і не бачаць святла?

— Трэба шукаць, для чаго дадзеныя гэтыя выпрабаванні. Калі паспрабуеш зразумець, для чаго гэта, а не за што — будзе прасцей. Я, напрыклад, шчаслівы, што мы захавалі цяжарнасць. Нам пагражалі смерцю, калецтвам, цяжкімі хваробамі. Гэта ўсё не спраўдзілася. Мы даверыліся Богу. Мы паказалі сваю моц. Бог — Сваю. І не трэба адчайвацца. Калі чалавек прызнае ўласнае паражэнне, то наўрадці нешта можа змяніцца. Не трэба баяцца прасіць аб падтрымцы. Памятаю, што з сябрамі я падзяліўся пра нашую хваробу толькі праз год. І зараз яны вельмі дапамагаюць мне пасядзець з дзецьмі альбо проста выгаварыцца.

— А што будзеце рабіць, калі заўтра сустрэнуцца новыя выпрабаванні?

— Гатоўнасць да іх заўсёды ёсць. Мы ўжо прывыклі, што прайшло адно і за ім пачынаецца нешта іншае. А што будзе зараз? Не ведаю. Але трэба жыць. Я ні дня не шкадую, што ажаніўся з Надзеяй. І што ажаніўся менавіта тады. Розных дробных нюансаў можна было б пазбегнуць. Але дзякуючы ёй, я ў значнай ступені той, хто я ёсць. І мы змагаемся. І гэта варта рабіць. І варта шукаць. І варта давяраць Богу. Нашага чалавечага разумення не заўсёды хапае. Часам здаецца, што гэта — пакаранне. А глядзіш пазней — наадварот, дабраславенне. Але канечне, да разумення пра дабраславенне трэба дайсці. Трэба прайсці гэты шлях. І варта памятаць, што шлях да гэтага разумення цяжкі. І вельмі балючы.

P.S. Мы паразмаўлялі з Максімам крыху больш за гадзіну. «Хаця б выгаварыўся!» — ўсміхнуўся ён і пабег дадому, да дзетак і жонкі, якая толькі выпісалася з радзільні. І я зразумела, што менавіта падымае яго штодня і дае сілы. І я не здзіўляюся, што Максім не назваў гэтае слова. Бо любоў — гэта не словы. Любоў — гэта ўчынкі і адказнасць. Любоў — гэта выбар, які чалавек робіць кожны дзень, нават калі гэты кожны дзень напоўнены болем і змаганнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?