У афіцыйнай заяве Мінюста гаворыцца, што ліцэнзій пазбавілася таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сіцілэнд» і прыватнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг «ЗемНерухомасць».

«Прычынай спынення дзеяння ліцэнзій з'явіліся выяўленыя грубыя парушэнні заканадаўства аб ліцэнзаванні, ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў», — гаворыцца ў паведамленні Мінюста.

Дзеянне ліцэнзій спыняецца 24 лістапада 2016 года. Як тлумачыць Мінюст, для скасавання заключаных са згаданымі рыэлтарскімі кампаніямі дагавораў на аказанне паслуг спажыўцам неабходна звяртацца ў гэтыя камерцыйныя арганізацыі.

Акрамя гэтага, паводле звестак Мінюста, 15 лістапада 2016 года было прынятае рашэнне аб ануляванні ліцэнзіі, выдадзенай прыватнаму рыэлтарскаму ўнітарнаму прадпрыемству «Адресъ», у сувязі з выдачай ліцэнзіі «на падставе пададзеных яе спашукальнікам несапраўдных звестак».

«Міністэрства юстыцыі чарговы раз звяртае ўвагу кіраўнікоў рыэлтарскіх арганізацый на неабходнасць няўхільнага выканання патрабаванняў заканадаўства, якое рэгулюе рыэлтарскую дзейнасць. Парушэнні, падобныя выяўленым, павінны быць выключаныя з працы рыэлтарскіх арганізацый», — падкрэсліваецца ў заяве міністэрства ў сувязі з прынятымі рашэннямі.

Нагадаем, 30 мая 2016 года Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі на права ажыццяўлення рыэлтарскіх паслуг два сталічныя агенцтвы нерухомасці — ТАА «Агенцтва нерухомасці «Акадэмічнае» і ТАА «Бізнес нерухомасць», а 23 чэрвеня — адно з найстарэйшых і буйных агенцтваў нерухомасці «Пакадан».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0