Час патрабуе новага спосабу ўзаемадзеяньня між журналістамі і палітыкамі, нават калі яны дзейнічаюць у падпольных умовах. Піша Віталь Тарас.

Хто каго напалохаў?

Кажуць, што вялікае лепш відаць з адлегласьці. Тое, што маштаб сакавіцкіх падзеяў у Менску выходзіць далёка па-за рамкі звычайнай кампаніі пратэсту, было адразу відавочна. Нічога падобнага да Плошчы паводле дзёрзкасьці і крэатыўнасьці не ўдавалася зарганізаваць цягам папярэдніх дзесяці гадоў. Але чым больш часу аддзяляе нас ад тых падзеяў, тым больш размытымі выглядаюць іх контуры, тым больш цьмянымі падаюцца наступствы Плошчы. Існуе рэальная пагроза таго, што гэтыя падзеі ператворацца ў чарговы міт ці нават анэкдот. Дакумэнтальныя кнігі, якія, без усялякага сумневу, будуць напісаныя пра намёты на Кастрычніцкай плошчы, становішча ня зьменяць. Улічваючы цяперашнія наклады кніг, іхнымі чытачамі стануць, у лепшым разе, тыя ж самыя людзі, што прыходзілі на Плошчу.

Ніякага парадоксу тут няма. Грамадзтва ў цэлым як бы не заўважыла Плошчы і тых, хто на ёй быў. І справа ня толькі ва ўладзе, якая ў прынцыпе ня хоча бачыць апазыцыю ва ўпор. (Словы кіраўніка беларускай дзяржавы падчас сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам у Санкт-Пецярбургу аб тым, што і «дзьве тысячы для нас важныя», яшчэ больш выразна падкрэсьлілі нежаданьне ўлады лічыцца з апазыцыяй).

Большасьць абываталяў не заўважыла Плошчы не таму, што БТ выставіла насельнікаў намётавага мястэчка хуліганамі і наркаманамі, а таму, што паўсядзённай сьвядомасьці ўласьціва ня бачыць таго, што выходзіць па-за рамкі звыклага. Прэзыдэнцкія выбары нічога, у прынцыпе, не зьмянілі ў звычайным паўсядзённым раскладзе жыцьця мільёнаў беларускіх грамадзянаў. Таму ім няма справы да таго, былі фальшаваньні падчас гэтых выбараў ці не было. Апазыцыя, паколькі ў яе не было шанцаў на перамогу, і яна сама адразу заявіла аб гэтым (!), ня здолела нават па-сапраўднаму напалохаць абываталя магчымасьцю пераменаў. І гэта пры тым, што дзяржаўная прапаганда са свайго боку актыўна палохала яго дохлымі пацукамі ды тэрарызмам.

Выбары канстатавалі вядомы факт: у Беларусі няма грамадзянскай супольнасьці. Грамадзтва застаецца ў большасьці сваёй атамізаванае. Кожная ягоная «ячэйка» занятая сваімі вузка практычнымі праблемамі – лецішчам, домам, машынай, да якіх палітыка мае вельмі ўскоснае дачыненьне. У сьвядомасьці пераважнай большасьці – аніякага. А інакш пагроза (няхай сабе выдуманая) захопу ўлады апазыцыяй павінна была б вывесьці на вуліцы адразу пасьля выбараў мільёны людзей – бараніць усенародна абранага прэзыдэнта. Нічога такога ў Беларусі нават уявіць немагчыма. Пікеты бээрэсэмаўцаў і пэнсіянэраў супраць апазыцыі здольныя выклікаць толькі ўсьмешку.

Дабрачыннасьць з разьлікам

Уважаецца, што ўсяму віной – недахоп інфармацыі. Вось каб удалося ахапіць усю Беларусь незалежным радыё-, а яшчэ лепш – тэлевяшчаньнем, закідаць яе насельніцтва апазыцыйнай прэсай, і электарат адразу павярнуўся б на бок апазыцыі. Такія разважаньні – замкі на пяску. Цяжка сказаць, колькі яшчэ павінна прайсьці выбарчых кампаніяў у Беларусі, каб апазыцыі нарэшце стала зразумела: ніхто ўкладаць грошы ў сапраўды эфэктыўнае замежнае вяшчаньне на Беларусь ня стане. Самы яскравы прыклад гэтаму – сытуацыя з радыё «Свабода». Навошта ствараць новыя, слабыя радыёстанцыі замест таго, каб даць грошы на мадэрнізацыю той, што цяпер ёсьць у Празе, пабудаваць магутныя перадатчыкі ўздоўж межаў Беларусі? Замест гэтага ідзе паступовая ліквідацыя радыё «Свабода». Пакуль яшчэ яна не пагражае Беларускай службе. Але калі яна далей будзе вяшчаць выключна на кароткіх і сярэдніх хвалях, дык пытаньне спакваля вырашыцца самахоць – церазь некалькі год проста не застанецца слухачоў. Усе пяройдуць на FM-прымачы ці будуць карыстацца яшчэ больш сучаснай апаратурай.

Пры ўсёй рыторыцы амэрыканскай адміністрацыі, таксама як і кіраўніцтва Эўразьвязу, наконт падтрымкі барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі ні амэрыканскі кангрэс, ні якая-небудзь іншая структура на Захадзе не разглядае гэтую высакародную справу як прыярытэтную. Заходнія палітыкі прымаюць рашэньні пад ціскам грамадзкай думкі ў сябе ўдома. А яна фармуецца з дапамогай СМІ. Беларуская апазыцыя, ня маючы свабоднай айчыннай прэсы і моцнай інфармацыйнай падтрымкі на Захадзе, вымушаная зьвяртацца да заходніх палітыкаў беспасярэдне, праз асабістыя кантакты. Яе лідэры надаюць гэтай справе зашмат часу і энэргіі, а эфэкт часьцяком застаецца вельмі абмежаваны. Дастаткова ўзгадаць хоць бы славуты сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў, прыняты Эўразьвязам.

Застаюцца, зразумела, шматлікія праваабарончыя арганізацыі і фонды на Захадзе. Але ж яны самі ня маюць дастаткова сродкаў і вымушаныя альбо карыстацца падтрымкай дзяржаўных структураў, альбо зьвяртацца па дапамогу да рознага кшталту спонсараў. А тыя рэдка займаюцца чыста дабрачыннай дзейнасьцю. У большасьці выпадкаў у дабрачынных праектах прысутнічае камэрцыйны разьлік. Асабліва калі ў ролі пасярэднікаў у дапамозе разьвіцьцю дэмакратыі выступаюць грамадзкія арганізацыі з краінаў былога СССР. Было б недарэчна думаць, што карупцыя ды інтрыганства, якія маюць глыбокія карані на ўсёй постсавецкай прасторы, чамусьці абышлі бокам няўрадавыя, у тым ліку дэмакратычныя арганізацыі ў новых незалежных краінах.

Але ж і ў тым разе, калі б удалося ачысьціць усе НДА ад арганізацыйнай нямогласьці ды фінансавых злоўжываньняў і былі створаныя ідэальныя ўмовы для свабоднага распаўсюду інфармацыі з-за межаў Беларусі, унутры краіны сытуацыя наўрад ці зьмянілася б карэнным чынам.

Тэрыторыя, свабодная ад цэнзуры

Тут варта адзначыць, што ў Беларусі ўжо цяпер існуе даволі вялікая тэрыторыя, свабодная ад цэнзуры. Гэта Інтэрнэт. За апошні час у Сеціве ўзьнікла вялікая колькасьць інтэрнэт-рэсурсаў, якія прэзэнтуюць беларускія моладзевыя грамадзянскія ініцыятывы, рухі, іншыя нефармальныя арганізацыі. Мабыць, у гэтым і ёсьць галоўны эфэкт тае рэальнае дапамогі, якая прыйшла, урэшце, у Беларусь з Захаду.

У Інтэрнэце можна цяпер заўсёды знайсьці сьвежую інфармацыю. І ня толькі аб затрыманьнях, судох, штрафах, закрыцьці газэт ды іншых злоўжываньнях улады ці акцыях пратэсту – гэткага кшталту інфармацыі хапала і раней. Можна даведацца аб рэакцыі найбольш актыўнай часткі грамадзтва на актуальныя падзеі, абмяняцца думкамі і нават спрычыніцца да некаторых зь іх. Напрыклад, у тых разох, калі размова ідзе пра арганізацыю якога-небудзь палітычнага флэш-мобу.

І вось тут выяўляецца, што галоўная праблема не ў інфармацыі як такой. Крыніцаў палітычных ці праваабарончых навінаў становіцца ўсё болей, атрымліваць яе становіцца ўсё лягчэй для даволі значнай часткі грамадзтва. Не стае менавіта асэнсаваньня і абагульненьня інфармацыі, аналітычнага погляду на падзеі – у тым ліку апошнія.

Гэта тлумачыцца, зноў жа, асаблівасьцямі беларускага грамадзтва ў ягоным цяперашнім стане. Яно застаецца закрытым на ўсіх узроўнях – ад самага верху да падмуркаў. Мы ня ведаем, што адбываецца ва ўладных структурах, кім і як прымаюцца рашэньні, што за імі стаіць. Ня толькі асобныя факты, але агулам стратэгія цяперашніх уладаў застаецца абсалютна непразрыстай – і ў дачыненьні да будучых цэнаў на газ, і ў дачыненьні да канцэпцыі саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, і ва ўсіх іншых дачыненьнях. Як і за савецкім часам, мы застаёмся дзяржавай чутак. Замежныя назіральнікі вымушаныя кіравацца здагадкамі альбо рабіць спэкуляцыі на тэмы палітыкі – кшталту, чаму гэта прэзыдэнта зноў няма на экранах тэлебачаньня вось ужо пятыя суткі?

Краіна загадак

І гэта датычыць ня толькі ўладаў. Абсалютна тое самае можна сказаць і пра апазыцыйныя партыі або іншыя структуры. Трэба прызнаць, што Мілінкевіч і Казулін сталі ці ня першымі беларускімі палітыкамі, якія паводзілі сябе падчас выбарчай кампаніі адэкватна ў дачыненьні да прэсы. Не хаваліся, як Домаш і Ганчарык, ад журналістаў, не пазьбягалі інтэрвію, а памочнікі палітычных лідэраў спрыялі гэтым кантактам. Але скончылася выбарчая кампанія, і ўсё пайшло па-ранейшаму.

Напрыклад, лёс руху «За Свабоду» – загадка. Стаўленьне лідэраў аб’яднанай апазыцыі да гэтага руху і да Мілінкевіча асабіста – загадка. Стратэгія апазыцыі на бліжэйшыя месяцы – абсалютная загадка.

Рашэньне руху «Зубр» аб самаліквідацыі і яго прычыны – таксама загадка. Зразумела, не пра ўсё трэба ведаць уладам. Ясна і тое, што палову працы дурням не паказваюць. Але трэба знайсьці нейкі спосаб узаемадзеяньня паміж журналістамі і палітыкамі, нават калі яны дзейнічаюць у падпольных умовах. Бо інакш усё застанецца, як і раней: палітыкі будуць самі па сабе, журналісты – самі па сабе, грамадзтва – само па сабе.

Пры гэтым вялікую долю адказнасьці павінна ўзяць на сябе прэса. Таптацца па апазыцыі – якая яна слабая ды безыніцыятыўная (як гэта робіць, скажам, «Белгазета») – ня проста неканструктыўна, але ж проста нудна для чытача.

Сытуацыя сёньня вымагае не ацэнак – ахвотных прыгваздаваць апазыцыю да ганебнага слупа сёньня хапае ва ўсіх лягерах. Яна вымагае перадусім ведаў.

Не канстатацыі ўсім даўно вядомых ісьцінаў наконт перавагі свабоды над несвабодай і неабходнасьці адзінства апазыцыі, не тэарэтычных кабінэтных разважаньняў – а што было б, калі б нос Івана Іванавіча прыставіць да галавы Аляксандра Віктаравіча, – а рэальнага веданьня таго, што адбываецца і чаму.

Найвялікшым расчараваньнем будзе, калі мы даведаемся, што пад покрывам таямніцы насамрэч пакуль не адбываецца нічога. Што размовы застаюцца размовамі і што Плошча засталася ўсяго толькі легендаю, прыемным успамінам.

Але самае горкае веданьне ўсё-ткі лепш, чым няведаньне.

6 траўня Віталю Тарасу споўнілася 50 гадоў. Далучаемся да віншаваньняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0