Беларускі паэт мусіць пераймацца праблемамі сваёй краіны — так лічыць Анатоль Вярцінскі. Пра самае памятнае ў жыцьці творцы Радыё Свабода пагутарыла напярэдадні яго 85-годзьдзя.

— Анатоль Ільліч, неяк трапіўшы на Лепельшчыну, я заехаў у вашу родную вёску Дзямешкава. Там мне адразу паказалі хату Вярцінскіх. Мяне ўразілі яе памеры — як менская аднапакаёўка. Вашай сям'і там ня цесна было?

— Як гэта ні дзіўна, было ня цесна, а ўтульна. Я заўсёды прыгадваў родную хату, калі мы ў стольным Менску гаварылі пра мэтражы жыльлёвай плошчы — колькі ў каго. У Дзямешкаве жылі без электрычнасьці, я памятаю нават вечары пры лучыне. Я быў старэйшым у сям'і, і пад час вайны мы з малодшым братам Валодзем езьдзілі па дровы — часам у зімовую завіруху. Прывозілі, пілавалі… Мне вельмі шкада, што наша хата сёньня пустуе. Думка пра пустую хату зьяўляецца свайго роду ілюстрацыяй да гучных словаў пра адраджэньне нашага сяла, пра росквіт аграгарадкоў. Лёс хаты — лёс вёскі. Мая вёска (як і сотні іншых), па сутнасьці, вымірае.

Анатоль Вярцінскі ў Бычках — на радзіме Васіля Быкава. 2015 год

Анатоль Вярцінскі ў Бычках — на радзіме Васіля Быкава. 2015 год

— За сваё жыцьцё вы займалі розныя пасады — былі сакратаром Саюзу пісьменьнікаў, рэдагавалі тыднёвік «Літаратура і мастацтва», працавалі ў Вярхоўным Савеце. Дзе вы адчувалі сябе найлепш, як кажуць, у сваёй талерцы?

— Відаць, усё ж у рэдакцыі «Літаратуры і мастацтва». Бо і па сёньняшні дзень жыве ўва мне патрэба публічна выказвацца на тую ці іншую надзённую тэму. І ня толькі ў вершах. Вершы — гэта іншая сфэра, іншыя эмоцыі, іншыя адчуваньні. Таму найкамфортней мне было ў журналістыцы. Я ж і ў Вярхоўны Савет пайшоў з пасады галоўнага рэдактара «ЛіМа». Праўда, не заўсёды спалучэньне газэтнай працы зь літаратурнай бывае плённым. Я разумею, што калі б менш часу і энэргіі аддаваў газэце, то нашмат больш зрабіў бы як паэт, як драматург. Але мяне заўсёды суцяшала тое, што ў гісторыі найноўшай беларускай літаратуры нямала падобных прыкладаў. Напрыклад, Янка Купала рэдагаваў «Нашу ніву». А потым пайшло-паехала — амаль усе нашы клясыкі працавалі ў рэдакцыях.

Зь юнымі аматаркамі беларускай паэзіі. Бычкі, 2015 год

Зь юнымі аматаркамі беларускай паэзіі. Бычкі, 2015 год

— Нядаўна выйшла ўкладзеная Сяргеем Шапранам кніга ўспамінаў пра Генадзя Бураўкіна «Перадусім — Беларусь». І мяне ўразіла, што Генадзь Мікалаевіч сярод самых галоўных справаў свайго жыцьця назваў абарону Васіля Быкава ў 60-я гады (гэтак званы «Ліст 53-х»). Вось як ён сам тлумачыў: «Мы з Толем Вярцінскім лічылі, што калі не абаронім Быкава, то іншым разам нас ужо і за людзей не палічаць». Вось такое было тады разуменьне пісьменьніцкай салідарнасьці?

— Такое. І для мяне тут нічога незвычайнага няма. Мы тады павінны былі вызначыцца ў адносінах да дабра і зла. Гэта ж вечная і заўсёды надзённая праблема. Яшчэ шэксьпіраўскі пэрсанаж задаецца пытаньнем: «Што лепей? / Што разумней — альбо цярпець удары, / альбо узброіцца на мора крыўд / і зьнішчыць іх змаганьнем?». І герой купалаўскай паэмы пра тое самае гаворыць: «А воля мне жалезная патрэбна / — за крыўды маёй мілай помстай заплаціць». Юлія Бураўкіна запомніла той дзень, калі мы з Генадзем адпраўляліся зь лістом пратэсту ў ЦК КПБ. Яна ўспамінала: «Праводзіла вас да аўтобуснага прыпынку, і калі вы паехалі, падумала са страхам: а ці вернуцца назад». Ліст у абарону Быкава я лічу выразнай грамадзка-палітычнай акцыяй, па-свойму знакавай. Гэта пацьвердзілася, калі дасьледчык Сяргей Шапран высьветліў, што той наш ліст у абарону Быкава разглядаўся на ўзроўні ажно ЦК КПСС. «О процессах в среде белорусских писателей» у найвышэйшую інстанцыю дакладаў тагачасны старшыня КДБ Сямічасны. Дык вось, на тым данясеньні стаяла рэзалюцыя: «Тов. Шауре. М. Суслов». Шаура тады ўзначальваў аддзел культуры ЦК КПСС, куды трапіў з пасады сакратара ЦК КПБ па ідэалёгіі.

— Фігураваньне вашых прозьвішчаў у данясеньнях саюзнага КДБ магло мець самыя розныя наступствы. Чаму той ліст не пашкодзіў ні вам, ні Бураўкіну?

— Магчыма, у членаў ЦК КПСС былі яшчэ ў памяці ўрокі ХХ зьезду. Магчыма, давала пра сябе знаць хрушчоўская адліга. Да таго ж, як мне падаецца, тагачасная савецкая ўлада не была помсьлівай і ў дробязях нецярпімай.

Вольга Іпатава, Анатоль Вярцінскі, Зьніч і Алесь Клышка на 600-годзьдзі Сынкавіцкай царквы. 2006 г.

Вольга Іпатава, Анатоль Вярцінскі, Зьніч і Алесь Клышка на 600-годзьдзі Сынкавіцкай царквы. 2006 г.

— Нядаўна я сустракаўся ў Маскве з дачкой Твардоўскага Валянцінай Аляксандраўнай. Гаварылі і пра нядаўна выдадзены «Навамірскі дзёньнік» яе бацькі. Там Твардоўскі крыўдуе на Быкава, які застаўся аўтарам «Нового мира» і пры новым рэдактары — надрукаваў там свайго «Сотнікава». Ледзь ня ў здрадзе абвінавачвае. А як вы ўспрымаеце той учынак Быкава?

— Думаю, што гаварыць пра здраду няма падставаў. Мы з Быкавым, Танкам і Шамякіным прысутнічалі на пахаваньні Твардоўскага. Меліся прыняць удзел у паседжаньнях Савету беларускай літаратуры пры Саюзе пісьменьнікаў СССР. Але ўсё было адмененае ў сувязі з пахаваньнем Твардоўскага. Пасьля жалобнай цырымоніі мы з Быкавым дзяліліся сваімі ўражаньнямі ў гатэлі — жылі ў адным нумары. Тады ж я атрымаў поўнае ўяўленьне пра тое, кім Твардоўскі быў для Быкава, які прызнаўся, што стаў адчуваць сябе сіратой. Магчыма, «Сотнікаў» даўгавата ляжаў пры Твардоўскім у рэдакцыі — гэта звычайная справа для часопісу, творы для чарговых нумароў плянаваліся на гады. Ва ўсякім выпадку, я ня помню, каб Быкаў перажываў, што ў адносінах да Твардоўскага паступіў непрыстойна. А каб сапраўды нешта падобнае адбылося, Быкаў падзяліўся б абавязкова. Як потым дзяліўся і публічна, і ў прыватных размовах гісторыяй пра падпісаньне ліста супраць Салжаніцына. Па тэлефоне яго справакавалі на той подпіс, і ён мне пра гэта расказваў.

— Рэжысёр Аляксандар Сакураў нядаўна выступіў зь цікавай трактоўкай расейскай сытуацыі. Маўляў, Пуцін міжволі мусіць станавіцца дыктатарам, бо гэтага хоча народ. Адсюль і паступовая грамадзкая рэабілітацыя Сталіна, якому там ізноў ставяць помнікі. А як вам бачыцца сытуацыя ў Расеі, зь якой мы знаходзімся ў адной палітычнай і інфармацыйнай прасторы?

— Бачыцца трывожнай, асабліва калі мець на ўвазе той факт, што Расея — ня проста наша ўсходняя суседка, а што мы зьяўляемся часткай гэтак званай саюзнай дзяржавы. Таму сытуацыя ў Расеі ўплывае і будзе ўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Мне спадабалася нядаўняя фармулёўка Сьвятланы Алексіевіч: «Пуцін ня столькі палітык, колькі кадэбіст». Пры сустрэчы я пацісну Сьвятлане за гэта руку. А паколькі Пуцін кадэбіст і ў душы сталініст, то са сваім прасоўваньнем «русского мира» выступае ўжо нават супраць ленінскай нацыянальнай палітыкі. Мы гэта ня раз чулі — пад сумнеў ставіцца ўзьнікненьне колішніх савецкіх рэспублік, што адышлі ад Расеі. Вядома ж, сумна чуць ад Сакурава такія словы. Асабліва пра тое, чаго хоча народ. Як гаварылася ў савецкі час, «по желаниям трудящихся». Вось і ў Менску нядаўна ўсталяваньне помніка Леніну ля Трактарнага заводу абгрунтоўвалася такой фармулёўкай. Аказваецца, гэта «трудящиеся» засумавалі без правадыра, сьперажываліся, што няма магчымасьці перад тым, як стаць за станок, да Леніна падысьці… На жаль, у Расеі на нашых вачах пачынаецца сталінізацыя. Паглядзіце, што ўяўляюць зь сябе расейскія сродкі масавай інфармацыі, найперш фэдэральныя тэлеканалы. Яны мяне штодня бянтэжаць і палохаюць. Журналісты, здавалася б, закліканыя несьці інфармацыю, а не дэзінфармацыю, не абалваньваць народ. А яны менавіта абалваньваюць. Як уключыш — там усё пра веліч і сілу Расеі. І сам Пуцін ужо не гаворыць пра шчасьлівую, заможную ці сацыяльна скіраваную дзяржаву — толькі пра веліч і сілу. Але ж, як вядома, Бог ня ў сіле, а ў праўдзе.

Анатоль Вярцінскі з жонкай Адай Сымонаўнай. 2011 г.

Анатоль Вярцінскі з жонкай Адай Сымонаўнай. 2011 г.

— Аднойчы вы падаравалі мне Каран. Я стаў чытаць і напаткаў там такія словы: «Паэты — хлусы, якія блукаюць па раўнінах і гавораць тое, чаго самі ня робяць». Ну, так, мабыць, лічаць прававерныя мусульмане. Вядомая і другая формула: «Поэт в России больше, чем поэт». А кім мае быць паэт у Беларусі?

— А ў Беларусі паэт — зьява яшчэ большая, чым паэт у Расеі. Для аўтара згаданага табой выслоўя, Яўгенія Еўтушэнкі, не існуе праблемы мовы, праблемы гістарычнай памяці, праблемы палітычнай незалежнасьці яго краіны. А перад беларускім паэтам усе гэтыя праблемы рэальна паўстаюць. Таму ён, апрача ўсяго, павінен быць патрыётам і змагаром за Беларусь. У якой, нягледзячы на ўсе выпрабаваньні, шчасьлівая будучыня. Як пісаў я ў адным зь вершаў: «Jeszcze Polska nie zginęła, / ще не вмерла Україна, / і жыве на сьвеце белым / Беларусь, мая краіна… / Будуць воля ды Пагоня, / ды паходні палаць ясна, — / І ня згінем мы сягоньня, / ну а заўтра — жыцьмем шчасна». І так будзе, я ў гэтым упэўнены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?