Нечаканка ў Францыі: экс-прэзідэнт Нікаля Сарказі не выйшаў у другі тур перадвыбараў, якія праводзяць правыя сілы ў Францыі. У першым туры наперад неспадзявана вырваўся экс-прэм'ер Франсуа Фіён.
У другім туры ён пазмагаецца з іншым былым прэм'ерам Аленам Жюпэ. Фіён набраў 44% галасоў, а Жюпэ — 29, паведамляе выданне «Монд».
Фіён — сацыяльны кансерватар, а ў эканоміцы выступае за рэзкае скарачэнне ролі дзяржавы, дзяржапарата і падаўжэнне працоўнага тыдня з 35 гадзін, які цяпер адзін з найніжэйшых у свеце.
У перадвыбарах узялі ўдзел больш за 4 мільёны чалавек, або 8% ад агульнай колькасці выбарцаў. Галасаваць мог любы, дя гэтага трэ было проста заплаціць 2 еўра.
Перадвыбары ад Сацыялістычнай партыі адбудуцца пазней. Пакуль невядома, ці ў іх возьме ўдзел дзейны прэзідэнт Франсуа Алянд.
Моцным кандыдатам ад цэнтрыстаў лічыцца яшчэ былы міністр фінансаў, выхадзец з банкаўскага сектара Эманюэль Макрон.