Па словах Валянціны Шураковай, дырэктара Капыльскага краязнаўчага музея, 19 жніўня 2016 года Капыльскі раённы Савет дэпутатаў прыняў рашэнне, у якім гаворыцца: «Лічыць датай заснавання горада Капыль першую пісьмовую згадку аб Капылі — 1006 год».

Валянціна Шуракова, дырэктар Капыльскага краязнаўчага музея

Валянціна Шуракова, дырэктар Капыльскага краязнаўчага музея

Раней горад вёў адлік ад 1274 года. Такім чынам, Капыль дадаў да свайго ўзросту 268 гадоў і ўжо 27 жніўня ўрачыста адсвяткаваў 1010-годдзе.

Перадгісторыя змены даты заснавання горада такая: «Чатыры гады таму на канферэнцыі, прысвечанай 360-годдзю атрымання Капылём прывілею на Магдэбургскае права, з вобласці з дакладам выступіў Андрэй Мяцельскі, старшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі Акадэміі навук, — расказала карэспандэнту газеты «Кур'ер» Валянціна Шуракова. — У яго паведамленні была звернута ўвага на статутную грамату Тураўскай епархіі 6513 года (1005/1006 гадоў). У адпаведнасці з ёй, па ўказанні кіеўскага князя Уладзіміра была арганізавана епіскапія ў Тураве: «И придал к неи городы и погосты в послушание и священие и благословение держать собе Туровскои епископии; Пинск, Новгород, Городен, Слоним, Берестеи, Волковыск, Здитов, Небле, Степан, Дубровица, Высочна, Слуцк, Копыл, Ляхов, Городен, Смедянь…»

Упершыню гэта грамата была апублікавана ў «Археаграфічным штогодніку» за 1964 год. Цяпер яе арыгінал захоўваецца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве, у зборы Траецка-Сергіева манастыра.

Гэты дакумент і стаў падставай для павелічэння ўзросту горада. У якасці кансультанта заключэнне даваў Валянцін Голубеў, загадчык аддзела гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку новага часу Акадэміі навук. Не супярэчаць высновам гісторыкаў і археалагічныя раскопкі, праведзеныя ў Капылі Леанідам Калядзінскім у 1996—1999, 2005 і 2007 гадах.

Яны адназначна пацвярджаюць, што горад Капыль у ХІ стагоддзі ўжо быў.

Па словах Валянціны Шураковай, з названых у статутнай грамаце 1005/1006 гадоў абраны 1006 год, а дату святкавання Дня горада прынялі лічыць 27 жніўня. Яна не выпадковая: менавіта ў гэты дзень у 1652 годзе Капыль атрымаў прывілей на Магдэбургскае права — права на самакіраванне — ад караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя Літоўскага Яна Казіміра. З гэтага часу ў Капылі з'явіліся свае герб і пячатка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0