У тэатры імя Янкі Купалы ідзе ўнікальны спектакль.

Ёсць у Купалаўскім спектакль, які я люблю, мабыць, больш за ўсе. Гэта — «Другая сусветная». Яго можна глядзець шмат разоў, як любімае кіно. Ці слухаць, як любімую музыку. Гэта і тэатр, і музыка, і кіно. «Спектакль-канцэрт» — так вызначыў жанр рэжысёр Мікалай Пінігін. Праўда, нядаўна спектакль змяніў назву і афішу. Цяпер ён называецца «Вельтмайстар-акардэон», а на ягонай афішы замест Марыкі Рок — Марлен Дзітрых з акардэонам. Але спектакль, на шчасце, застаўся ранейшым.

Паводле формы гэта сапраўды спектакль-канцэрт. У ім 18 песняў, напісаных Маркам Мерманам — бліскучым паэтам і кампазітарам, да 1991 года — менчуком з вуліцы Горкага. Яго забрала адна з трансатлантычных познеперабудовачных хваляў, ён асеў у Пенсільваніі. Але піша, як дваццаць і трыццаць гадоў таму, усё пра тую самую вайну.

Вайна Марка Мермана — сапраўды Другая сусветная, а не Вялікая Айчынная. Там не Гансы ваююць з Іванамі (звыклая нашая парадыгма, з якой нават постсавецкаму мастацтву занадта цяжка выбрацца), хоць у адной з песняў і гучыць «снайпер Ханс, у фотакора не цэлься». Там ваюе ўвесь свет. Нават Афрыка. Бо якая Другая сусветная без Эль-Аламейна?..

Рэжысёр Мікалай Пінігін разумеў, што песні Марка Мермана павінны стаць спектаклем, і паставіў гэты спектакль летась, да 70-годдзя Перамогі. Мы звыкліся, што ваенныя песні спяваюць дзяўчаткі і хлопчыкі ў салдацкіх гімнасцёрках, але героі спектакля цалкам іншыя. Адзіны персанаж савецкага ўрачыстага канцэрта — дзяўчына ў гімнасцёрцы, якая з'яўляецца на сцэне роўна на дзве хвіліны перад пачаткам спектакля і тлумачыць, што зараз будзе на сцэне. Рэверанс у бок мастацкай рады, якая дасталася нам у спадчыну ад СССР? Напэўна… Але праз дзве хвіліны пачынаецца спектакль.

Ягоныя персанажы — як сама вайна, ніхто не застаўся незакранутым. Гэта і людзі, і прадметы, і жывёлы, і падзеі. Недарэчная польская пані з вуглаватым драўляным чамаданам, якая не ведае, куды бегчы з ахопленай полымем Варшавы, у выкананні найпяшчотнейшай Алены Сідаравай («Сцяжок ваш чырвона-белы — што той скрывянелы бінт…»). Развясёлы легканогі пілоцік-конік Аляксандр Казела з белым шалікам — яму хутка ляцець у Паўночную Афрыку, але ці вернецца ён («Так што на ўсялякі выпадак бывай, Марсэль!»)?.. Наўрад ці. Прыцэльна б'е ў гледача дэцыбеламі безвыходнасці баец штрафбата Ігар Сігаў у рваным шынялі («Брыдуць, брыдуць штрафныя душы, і пасля смерці па-за законам»).

Трафейны акардэон «Вельтмайстар» — цяпер ужо галоўны персанаж спектакля, — які дастаўся пераможцу-інваліду, старанна выводзіць у півярні «Ауфвідэрзэен, майнэ кляйнэ, ауфвідэрзэен!» Забіты ў Афрыцы салдат у выкананні Паўла Харланчука («Калі жыццё выбіраць — то у Бога за пазухай, калі смерць выбіраць — то ў Эль-Аламейна»). Саламон Міхоэлс і ягонае забойства ў Менску. Пудзель Уінстана Чэрчыля Руфус у дзень пахавання ягонага гаспадара. Лені Рыфеншталь. Стары вар'ят у Заходнім Бронксе, які паўстагоддзя танчыць танга на вуліцы, каб забыцца, назаўжды забыць Польшчу, засланую дымам. Калека-ветэран у выкананні дзівоснага Віктара Манаева, які паспеў атрымаць асалоду ад Сандунаўскіх лазняў да таго, як выправіцца на Салаўкі, далей ад вачэй людскіх, і памерці там сярод такіх самых абрубкаў. Марлен Дзітрых, Марыка Рок, Любоў Арлова — як жа без іх? Ганна Хітрык, Святлана Анікей, Юлія Шпілеўская, Валянціна Гарцуева — а без іх таксама ніяк.

У гэтым спектаклі няма нічога лішняга. Там увогуле няма дэкарацый. Ёсць аркестр на сцэне, кінахроніка на задніку і актор перад мікрафонам з песняй-эцюдам. Больш нічога — дый нічога і не трэба, акрамя канца вайны.

Калі вы не паспелі паглядзець «Другую сусветную» ў Купалаўскім — ідзіце на «Вельтмайстар-акардэон». Гэта той самы спектакль, толькі з Дзітрых на афішы. А песні, акторы, вайна, боль — усё засталося. Бо калі ўспомніць, то ўся сусветная гісторыя — гэта ўсяго толькі гісторыя войнаў, і просценькія мелодыі таго злашчаснага акардэона лётаюць не толькі ў прасторы, але і ў часе, ад адной вайны да іншай, ад першай да другой, ад трыццацігадовай да стагадовай, ад тамерланаўскай да напалеонаўскай. Яны чамусьці не сканчаюцца, хоць аўтар і спрабуе ўсіх прымірыць («камарадэн, геносэ, таварышэн, братцэн»). І лётчыкі не вяртаюцца ніколі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?