Кнут Гамсун.

Кнут Гамсун.

Каардынатар кніжнай серыі Сяргей Макарэвіч задумаў гэты праект каля трох гадоў таму. Ідэя Макарэвіча ў тым, каб зрабіць Нобелеўскую літаратуру даступнай беларускамоўнаму чытачу.

Наяўнасць перакладаў на рускую мову нашага суразмоўцу не бянтэжыць. «Гэта пытанне выбару, — тлумачыць Макарэвіч. — Нехта ўвогуле разважае катэгорыямі выключна матэрыяльнымі — колькі кілбасы можна купіць па цане вашай кніжкі. Сапраўды, многія, калі не ўсе, творы набелістаў перакладзены па-руску. А некаторыя нават у некалькіх перакладах выходзілі. Я чытаю пераважна па-беларуску. І ведаю людзей, якія таксама не цураюцца беларускай кніжкі. Часта для іх паўстае пытанне — «Што пачытаць?» А творы набелістаў, лічу, ёсць такім індыкатарам літаратуры высокага ўзроўню».

Цікава, што асобныя творы нобелеўскіх лаўрэатаў ужо выходзілі на беларускай мове. Але Макарэвіч хоча ўпарадкаваць гэты працэс, а таксама выкупіць правы на пераклад твораў сучасных аўтараў. Праўда, апошні працэс — вельмі складаны. Напрыклад, калі пачалася праца над перакладам Гамсуна, паралельна была зроблена спроба купіць ліцэнзію на выданне «Каханне падчас халеры» Габрыэля Гарсія Маркеса (пераклад ужо даўно падрыхтаваў Карлас Шэрман, які яшчэ за савецкім часам разам з Валянцінам Тарасам першым пераклаў на рускую «Восень патрыярха»). З іспанскім выдавецтвам вяла перапіску перакладчыца Ганна Янкута. «Пачалося зацяжное ліставанне, — рассказывает Макаревич. — Іспанцы па-доўгу маўчалі. Ім не цікава працаваць з малымі накладамі. 1000 асобнікаў па сённяшніх беларускіх мерках — гэта добры наклад. А для іх — мізэрны. У працэсе ліставання памёр і сам Маркес. Думаю, гэта таксама паўплывала на нашы перамовы: памёр лаўрэат — падвышаная ўвага да творчасці. Значыцца, выдавецтва можа зарабіць куды больш на краінах, дзе кніга выйдзе шматтысячнымі накладамі. У выніку мы агучылі суму, якую гатовыя заплаціць за аўтарскія правы, а нам нічога на гэта так і не адказалі».

У адрозненне ад Маркеса, аўтарскія правы з перакладам Гамсуна вырашаны. Таму кніга хутка выйдзе ў выдавецтве «Янушкевіч». Паралельна на сайце Kniharnia.by будзе прадавацца яе электронная версія. У выданні будуць прадстаўлены тры творы пісьменніка — «Голад», «Пан», «Вікторыя», а таксама нобелеўская лекцыя лаўрэата. Над іх перакладам працавалі Леанід Баршчэўскі і Лідзія Ёхансэн.

Для выхаду кнігі Макарэвіч запусціў краўдфандынгавую кампанію на сайце talaka.by. «Краўдфандынг дазволіць нам ацаніць увагу чытачоў да тэмы — ці патрэбныя кнігі Нобелеўскіх лаўрэатаў па-беларуску, — тлумачыць Макарэвіч. — Гамсун у гэтым плане асоба нават ці не найбольш удалая. З аднаго боку ён вядомы нарвежскі аўтар, хоць і даўно памёр. Але з другога — ён не такі папулярны, як сучасныя Памук ці Алексіевіч». Першую кнігу запусцяць разам прадстаўнікі дабрачыннага фонду «Вяртанне», выдавецтва «Янушкевіч» і партала беларускіх электронных кніг Kniharnia.by. У выпадку ўдалай кампаніі выручка будзе накіравана на падрыхтоўку наступнай кнігі.

У лісце чакання цяпер знаходзяцца кнігі калумбійца Маркеса (будзе зроблена яшчэ адна спроба), немца Томаса Мана, фінскага пісьменніка Франца Сіланпяя, турка Архана Памука і англічаніна Рэд'ярда Кіплінга. Гэта значыць, што пераклады іх кніг гатовыя і / або вядуцца перамовы пра аўтарскія правы. Як жартуе Макарэвіч, «адзін знаёмы сказаў: калі хочаш патапіць выдавецкі праект, назаві адразу яго серыйным. І сапраўды, многія серыі спыніліся пасля выхаду першых кніжак. Іншыя былі больш трывалыя — цягнуліся некалькі гадоў. Але ні адзін выдавец ніколі не думае ад пачатку аб заканчэнні серыі». Ён не хавае, што выданне серыі «Noblesse Oblige» расцягнецца на шмат гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0