У Менску на месцы былога будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па вуліцы Чырвонаармейскай, 9 запланавана ўзвядзенне адміністрацыйнага будынка для размяшчэння абедзвюх палат парламента і Канстытуцыйнага суда.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, гэта прадугледжана пратаколам даручэння кіраўніка дзяржавы ад 3 чэрвеня 2008 года. Такім чынам, канстатаваў А.Астаповіч, адзін з нешматлікіх помнікаў архітэктуры эпохі канструктывізму ў Мінску будзе знесены.

Паводле яго слоў, прэзідэнт даручыў ураду прадугледзіць у праекце Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2009—2010 гады будаўніцтва новага будынка на месцы старога па вуліцы Чырвонаармейскай, 9.

Кіраўніцтву справамі прэзідэнта даручана сумесна з Нацыянальным сходам, Саветам міністраў і Канстытуцыйным судом у двухмесячны тэрмін унесці прапановы па зносе былой Нацыянальнай бібліятэкі і ўзвядзенні на яе месцы новай пабудовы «з архітэктурным абліччам будынка, што зносіцца» для размяшчэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, а таксама Канстытуцыйнага суда.

***

Будынак Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Уладзіміра Леніна (пазней — Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь) узведзены ў Мінску ў 1929—1932 гадах па праекце архітэктара Георгія Лаўрова. У Мінску захавалася некалькі будынкаў у стылі канструктывізму або з яго рысамі, у тым ліку фабрыка‑кухня, Дом урада, абсерваторыя, прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук і шэраг будынкаў універсітэцкага гарадка.

Паводле БелаПАН


Запомніце яго такім. Стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі
Фота з сайту Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0