У заяве ведамства, адрасаванай грамадзянам ЗША, гаворыцца, што джыхадзісцкая групоўка, якая называе сябе «Ісламская дзяржава», і роднасныя ёй арганізацыі плануюць напады, мэтамі якіх могуць стаць калядныя імпрэзы ў еўрапейскіх краінах.

«Вартая даверу інфармацыя сведчыць, што «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта», «Аль-Каіда» і яе філіялы працягваюць планаваць тэракты ў Еўропе з акцэнтам на святочны сезон і звязаныя з ім падзеі», — гаворыцца ў паведамленні Дзярждэпартамента.

Грамадзянам ЗША рэкамендавана быць асабліва асцярожнымі і захоўваць пільнасць пры наведванні турыстычных аб'ектаў, у транспарце, іншых шматлюдных месцах.

«Варта праяўляць абачлівасць падчас фестываляў, святочных мерапрыемстваў і кірмашоў пад адкрытым небам», — гаворыцца ў паведамленні.

У дакуменце згадваюцца напады, учыненыя за апошні год ісламскімі экстрэмістамі ў Бельгіі, Германіі і Турцыі. Дзярждэпартамент аддае належнае намаганням еўрапейскіх службаў бяспекі, накіраваным на прадухіленне тэрактаў, аднак заўважае, што патэнцыял для новых нападаў захоўваецца ў розных частках Еўропы.

«Тэрарысты могуць задзейнічаць розную тактыку, з выкарыстаннем як традыцыйных, так і нетрывіяльных відаў зброі. Іх мэтай можа быць як афіцыйныя аб'екты, так і прыватныя асобы», — папярэджваюць у ведамстве.

У мінулыя выходныя французская паліцыя арыштавала сем чалавек па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага нападу. Вядома, што ў пятніцу ў Страсбургу адкрываецца адзін з найстарэйшых і найбуйнейшых калядных кірмашоў у свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0