У швайцарскім Ньёне прайшло лёсаваньне першых двух адборачных раўндаў футбольнай Лігі чэмпіёнаў.

БАТЭ на першым этапе згуляе з ісьляндзкім «Валюрам» (Рэйк'явік). Першы матч пройдзе ў Барысаве 16 або 17 ліпеня. Гульня ў адказ 23-24 ліпеня ў Рэйк'явіку.

БАТЭ, зазначым, трапіўся ці ня самы лёгкі супернік: маглі ж нарвацца, прыкладам, на заграбскае «Дынама», «Гётэборг» ці ціраспальскі «Шэрыф».

Цяпер «Валюр» ідзе ў чэмпіянаце сваёй краіны на шостым месцы: першынство Ісьляндыі таксама разыгрываецца па сыстэме вясна - восень, у чэмпіянаце бяруць удзел 12 каманд. «Валюр» адстае ад «Хафнаф'ёрдзюра» на 9 пунктаў.

Зь ісьляндзкімі клюбамі беларусамі гулялі ў эўракубках двойчы. Летась у другім раўндзе барысаўцы сустракаліся з «Хафнаф'ёрдзюрам» і зь лёгкасьцю разгрызьлі гэты арэшак, яшчэ ўсё вырашыўшы ў першым матчы. БАТЭ тады ў гасьцях выйграў 3:1, а дома праз тыдзень згуляў унічыю - 1:1.

У 1996 г. у кваліфікацыі тады яшчэ Кубку кубкаў мазырскі МПКЦ гуляў з «Рэйк'явікам» і па суме двух матчаў прайграў: 2:2, 0:1.

У другім раўндзе пераможца пары БАТЭ - Валюр згуляе з бэльгійскім «Андэрлехтам». А гэта ўжо сур'ёзны супернік.

Матчы другога раўнду пройдуць 29/30 ліпеня - 5/6 жніўня.

12/13 і 26/27 жніўня пройдуць матчы 3‑га адборачнага раўнду (яго лёсававаньне - 1 жніўня). Групавы турнір стартуе 16/17 верасьня.

Фінал Лігі чэмпіёнаў пройдзе ў Рыме 27 траўня 2009 г.

Летась барысаўскі БАТЭ дабраўся да 3‑га раўнду кваліфікацыі, дзе прайграў «Сьцяўа» з Бухарэсту.

***

У першым раўндзе Кубку УЭФА «Гомель» згуляе з варшаўскай «Легіяй» (першы матч у гасьцях), а МТЗ-РІПА - са славацкай «Жылінай» (першы матч у Менску).

Палякам беларусы не прайгравалі, а вось славацкі бар'ер не перадольвалі. У 2001 г. браціслаўскі «Інтэр» выбіў з 2-га раўнду Лігі чэмпіёнаў мазырскую «Славію» - 1:0, 1:0. У тым жа, 2001 г., «Ружамбэрак» выбіў з папярэдняга раўнду Кубку УЭФА «Белшыну» - 3:1, 0:0. А пазалетась менскае «Дынама» у другім раўндзе кваліфікацыйным Кубку УЭФА прайграла браціслаўскай «Артмэдыі» - 1:2, 2:3.

Гульні першага раўнду пройдуць 17 і 31 ліпеня.

Фінал Кубку УЭФА пройдзе ў Стамбуле на стадыёне Шокр’ю Сарачоглу, на якім гуляе «Фенербахчэ» — каманда з усходняга (анаталійскага) берагу Басфору.

***

Сёньня ў Вене таксама прайшло лёсаваньне гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. У адборачным раундзе Берасьцейскаму гандбольнаму клюбу імя Мяшкова (БГК) трапіўся каўнаскі «Гранітас». Матчы 6-7 і 13-14 верасьня. Першы матч - у Літве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?