Бесправадны доступ у інтэрнет па тэхналогіі Wi-Fi з 7 ліпеня будзе платным. Пра гэта паведамілі БелаПАН у прэс-службе РУП "Белтэлекам".

На гэты момант толькі нацыянальны аператар электрасувязі "Белтэлекам" прадастаўляе паслугі бесправаднога доступу ў інтэрнет па тэхналогіі Wi-Fi — бясплатна ў рэжыме доследнай эксплуатацыі. З лета 2007 года па краіне арганізавана больш як сто хотспотаў (пунктаў доступу) з выкарыстаннем абсталявання дадзенага стандарта.

Як патлумачылі БелаПАН у РУП "Белтэлекам", з 7 ліпеня атрымаць доступ у інтэрнет па тэхналогіі Wi-Fi можна будзе з дапамогай картак доступу. Пакуль яны выпушчаны ў двух наміналах: 60 хвілін і 180 хвілін. Карткі Wi-Fi абодвух наміналаў можна набыць у сэрвісных пунктах, пунктах калектыўнага карыстання і сэрвісных цэнтрах "Белтэлекама". Кошт карткі наміналам 60 хвілін складае 1.600 рублёў, наміналам 180 хвілін4.000 рублёў. Для доступу ў інтэрнет неабходна сцерці ахоўны слой, пад якім указаны логін і пароль для аўтарызацыі.

Доступ у інтэрнет з дапамогай картак ажыццяўляецца ў зоне дзеяння пунктаў Wi-Fi "Белтэлекама". Хуткасць перадачы звестак залежыць ад колькасці карыстальнікаў, што знаходзяцца ў зоне дзеяння аднаго хотспота. Гэта абумоўлена асаблівасцямі тэхналогіі, якая размяркоўвае хуткасць падключэння Wi-Fi-пункта кратнае колькасці карыстальнікаў, аўтарызаваных у зоне яе пакрыцця.

Wireless Fidelity (Wi-Fi) — сучасная бесправадная тэхналогія падключэння камп'ютэраў да інтэрнета, заснаваная на выкарыстанні радыёхваляў. Wi-Fi-доступам могуць карыстацца ўладальнікі ноўтбука і кішэннага персанальнага камп'ютэра, веб-камеры і бесправаднога IP-тэлефона, аснашчаных адпаведным модулем. Тэхналогія Wi-Fi шырока выкарыстоўваецца для арганізацыі бесправаднога доступу да інтэрнета ў грамадскіх месцах: у кафэ, на вакзалах, у аэрапортах, на вуліцах.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0