Фота: Leah Skuridina

Фота: Leah Skuridina

Актывіст Руху «За Свабоду» з Мастоў Васіль Клімовіч сёлета не змог паехаць у Свіслач на ўшанаванне памяці паўстанцаў Каліноўскіх. Аднак гэта не перашкодзіла суду аштрафаваць яго на 9 базавых велічыняў (189 рублёў) за ўдзел у акцыі.

«Пасудзілі мяне ні за што. У гэтым годзе ніхто з мастоўскіх не быў. Я звычайна іх на сваёй машыне вазіў, а тут у мяне не атрымалася», — распавёў сайту Pyx.by Васіль Клімовіч.

Па ягоных словах, пасля акцыі праз ягоную маці з ім звязаўся ўчастковы і папрасіў прыйсці ў пастарунак.

«Сказаў, што па справе ч. 1 арт. 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў), маўляў, размахваў сцягам. Я не пагадзіўся з пратаколам, сказаў, што не быў там», — адзначыў актывіст Руху «За Свабоду».

У выніку судовы працэс быў прызначаны на 2 снежня ў Мастах, аднак 25 лістапада Васіля Клімовіча тэрмінова выклікалі ў суд. «Я падумаў, што проста азнаёміцца са справай, прыходжу, а там пачаўся сапраўдны суд. Было двое сведкаў-міліцыянтаў з Ваўкавыску і Свіслачы», — дадаў Клімовіч.

Сведкі заявілі, што гэта Клімовіч быў на акцыі, былі прадэманстраваныя матэрыялы відэафіксацыі. «Я казаў, што гэта не я, а падобны на мяне чалавек. Але сведкі думалі, што гэта я, і суддзя так думаў. Я прыводзіў сведчанні жонкі, бацькоў, якія маглі пацвердзіць, што я ў той дзень не выязжаў з Мастоў. Аднак суддзя не паверыў і аштрафаваў мяне на 9 базавых велічыняў», — адзначыў актывіст.

Па ягоных словах, ён абскардзіць судовае рашэнне, а таксама падасць скаргу на сведкаў-міліцыянтаў у пракуратуру.

Гісторыя Васіля — на сайце 34mag.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0