У лістападзе—сьнежні 1920 года вайсковыя часткі, сфармаваныя з жыхароў Слуцкага, Капыльскага раёнаў і прылеглых раёнаў аказалі ўпарты супраціў Чырвонай Арміі, якая прасоўвала ўладу бальшавіцкай Расеі на Беларусь. Напярэдадні случчакі прысягнулі на вернасьць Беларускай народнай рэспубліцы і мужна за яе змагаліся, але ўтрымаць уладу БНР на гэтых землях больш як на месяц ім не ўдалося.

Тэма змаганьня за незалежную Беларусь стала галоўнай і на мітынгу, які адбыўся ў Слуцку. Выступоўцы на акцыі казалі пра чарговую небясьпеку Беларусі з боку Крамля, крытыкавалі беларускі палітычны рэжым за згортваньне дэмакратыі і ўзурпацыю ўлады, заклікалі беларусаў быць гатовымі да адстойваньня незалежнасьці краіны, у тым ліку і са зброяй у руках.

Урачыстыя акцыі на Дзень герояў — гэтак актывісты называюць 26 лістапада, калі пачаўся Слуцкі збройны чын — адбыліся таксама на месцах баёў у мястэчках Грозаў, Семежаў і вёсцы Чырвоная Слабада. Там былі ўскладзеныя кветкі да памятных крыжоў. Памяць ваяроў за незалежнасьць Беларусі ўшанавалі хвілінай маўчаньня, былі праведзеныя маленьні. Пабываўшы ў гэтых памятных мясьцінах, актывісты вырашылі да наступных угодкаў адрамантаваць мэмарыяльныя крыжы.

Напярэдадні мітынгу актывісты «Маладога фронту» прынялі прысягу на адданасьць арганізацыі і Беларусі. Падчас акцыі праходзіў збор подпісаў за ўсталяваньне ў Слуцку помніку ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну. 

Гісторыя Слуцкага паўстаньня замоўчвалася ў савецкія часы, не нашмат больш пра яго ведаюць у Слуцку і цяпер. Удзельнікі акцыі асобна згадвалі імя гісторыка Анатоля Грыцкевіча, намаганьнямі якога пра Слуцкі збройны чын стала шырока вядома ў канцы 1990-ых гадоў.

Таксама ўдзельнікі мітынгу ў Слуцку ўсклалі кветкі да помніку Тарасу Шаўчэнку ў мясцовым парку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?