Гандбалісты мінскага СКА не прабіліся ў групавы этап Кубка ЕГФ, піша tut.by. У матчы ў адказ 3-га кваліфікацыйнага раўнда менчукам не хапіла двухгалявога запасу, здабытага 19 лістапада ў хатняй сустрэчы. У гасцях армейцы саступілі французскаму «Сен-Рафаэлю» з розніцай у 8 мячоў — 33:25.

ska-minsk.by

Мінчане актыўна пачалі паядынак і павялі ў ліку (3:1, 4:3), аднак гаспадары даволі хутка ачомаліся. У сярэдзіне першага тайма французская каманда ўжо ліквідавала дэфіцыт у два мячы (8:5), а затым адарвалася на 7 галоў (15:8, 17:10).

У другім тайме «Сен-Рафаэль» працягваў нарошчваць перавагу, якая дасягала часам 10 галоў (28:19). Усё, што ўдалося армейцам у канцоўцы, гэта скараціць розніцу да выніковых «-8».

Самым выніковым у складзе СКА стаў Арцём Каралёк, які закінуў 5 мячоў. Пасля матчу ён застанецца ў Францыі, дзе далучыцца да «Сен-Рафаэля». Лёс распарадзіўся так, што два з трох заключных матчаў за СКА 20-гадовы лінейны правёў супраць сваёй будучай каманды. У двух гэтых сустрэчах Каралёк закінуў 12 мячоў у вароты «Сен-Рафаэля».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0