Да рэстаўрацыі і пасля. Фота bellitmuseum.by.
Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры крэсла вярнулі з Віцебшчыны ў Мінск. Цяпер яно захоўваецца ў фондах музея. Экспанаваць яго плануецца альбо ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, альбо ў яго філіяле Музеі-дачы Васіля Быкава ў Ждановічах. Але ў прыярытэце застаецца радзіма пісьменніка — Музей-сядзіба Васіля Быкава ў Бычках.
Калісьці гэтае венскае крэсла знаходзілася ў бычкоўскай панскай сядзібе. Пасля рэвалюцыі там адкрылі школу, і на ім сядзеў настаўнік. Пазней школу закрылі і мясцовыя жыхары пачалі яе разбіраць. Васіль Быкаў з сястрой Валянцінай таксама пайшлі ў сядзібу і прынеслі адтуль гэтае крэсла. А каб ніхто не западозрыў, што яго сцягнулі са школы, Васіль, на загад бацькі, выразаў з абодвух бакоў на спінцы яго ініцыялы «Б.В.Х.» — Быкаў Владзімір Хведаравіч.
Калі стварылі Музей-сядзібу Быкава, сваякі пісьменніка прынеслі гэтае крэсла, але яго не ўзялі. У крэсла бракавала ножкі, спінка была паламаная, не было сядзення, вось і вырашылі такое «ламачча» не браць. Калі пра гэта даведаўся Сяргей Шапран, прапанаваў яго адшукаць. Крэсла знайшлося ў дрывотні братавай Быкава Антаніны Аляксандраўны. Майстар Яўген Зарубайка ўзяўся яго аднавіць і зрабіў гэта бясплатна.