Тэматычны парк у Японіі закрыў коўзанку з умерзлай у лёд рыбай, атрымаўшы скаргі на непавагу да жывёл. Кіраўніцтва парка паабяцала правесці жалобную цырымонію па мёртвых рыбах, якіх у лёдзе аказалася больш за 5 тысяч. Пра гэта піша ВВС.
Парк спачатку апублікаваў фатаграфіі коўзанкі ў сваім фэйсбуку, але затым выдаліў іх
Парк Space World у Кітакюсю ў сваёй заяве папрасіў прабачэння за коўзанку, у якой дзеля ўпрыгажэння была замарожаная рыба. «Мы атрымалі шмат папрокаў — такіх як «выкарыстоўваць жывёл для забавы дрэнна» і «бедныя рыбы», — гаворыцца ў дакуменце.
Генеральны менеджар парку Ташымі Такеда паведаміў агенцтву Франс прэс, што парк правядзе мемарыяльную цырымонію па мёртвых жывёлах.
Прадстаўнік Space World распавёў, што коўзанка закрытая з нядзелі, і рыб плануецца дастаць з лёду. «Мы плануем прывесці коўзанку ў нармальны стан», — сказаў ён, дадаўшы, што коўзанка зноў запрацуе ў снежні, але не ўдакладніў, калі менавіта.
Коўзанка з замарожанымі рыбамі адкрылася ў парку раней у лістападзе. Мяркуючы па фатаграфіях са старонкі парку ў фэйсбуку, частка рыб умерзла ў лёд напалову, іншыя змерзлі пад лёдам касяком у выглядзе стралы, некаторыя — у форме спіралі.
Хоць кіраўніцтва парка і тлумачыла, што набыло на аптовым рынку мёртвую і непрыдатную да ўжывання рыбу, атракцыён раскрытыкавалі ў інтэрнэце. На старонцы парку ў фэйсбуку карыстальнікі завалілі Space World негатыўнымі водгукамі.
«Пра што вы, людзі, думалі, выкарыстаўшы мёртвую рыбу як упрыгажэнне для гульнявой пляцоўкі?» — задаўся пытаннем адзін з незадаволеных. Іншы каментатар назваў коўзанку «ганьбай Японіі».