Павелічэнне сярэдняга заробку па краіне да ўзроўню 500 даляраў у 2017 годзе — гэта «вельмі цяжкая задача». Такое меркаванне выказаў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, размаўляючы з журналістамі ў парламенце.

У сярэдзіне лістапада Лукашэнка даручыў ураду вярнуць сярэдні заробак на ўзровень 500 даляраў у 2017 годзе, але пры ўмове адпаведнага росту прадукцыйнасці працы. «Памерці, але выйсці на 500, — зноў вызначыў свой план Аляксандр Лукашэнка праз некалькі дзён. — Я буду рабіць усё, каб мы выйшлі на 500».

— Гэта крайне цяжкая задача. Мы павінны разумець, што гэта ну вельмі цяжкая задача, — ацаніў план «ўсім па 500» міністр эканомікі. Ён нагадаў, што цяпер сярэдні заробак складае каля 370 даляраў у эквіваленце.

— Але, што тычыцца шэрагу галін эканомікі, асобных відаў эканамічнай дзейнасці, я думаю, гэта цалкам адрозная задача, якая будзе рэалізавана ў наступным годзе, - дадаў Уладзімір Зіноўскі.

Адзначым, што ў Беларусі сапраўды дастаткова сфер, дзе сярэднія заробкі даўно перавысілі ўказаную планку: гэта айцішнікі, некаторыя транспартнікі, гарнякі, фінансавыя паслугі, нафтаперапрацоўка, хімічная прамысловасць. Затое не дацягваюць нават да цяперашняй сярэдняй зарплаты па краіне адукацыя, грамадскае харчаванне, сацработнікі, бібліятэкары і музейныя работнікі. У кастрычніку разбежка ў заробках у самых «багатых» і самых «бедных» работнікаў склала 8 разоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?