Мінэканомікі прагназуе зніжэнне ВУП у Беларусі да 3% у 2016 годзе з-за недапаставак расійскай нафты, паведаміў журналістам 29 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.

«Не ўсе спрагназаваныя макраэканамічныя паказчыкі будуць выкананыя з-за розных прычын — знешніх і ўнутраных фактараў. Недахоп нафтавай сыравіны для перапрацоўкі прывёў да таго, што мы губляем паказчык ВУП. Паводле нашых ацэнак, ён павінен быў скласці 98% (мінус два працэнты да мінулага года) — гэты прагноз не спраўдзіцца з-за таго, што няма канчатковага рашэння аб куплі нафты ў Расійскай Федэрацыі», — заявіў міністр.

Паводле яго слоў, рэальнае зніжэнне ВУП у бягучым годзе можа скласці ад 2,6 да 3%.

«Паколькі нафта і нафтапрадукты маюць значную вагу ў ВУП, у аб'ёме мытных пошлін — вось такі прагноз», — дадаў Зіноўскі.

Міністр заявіў, што гэты прагноз будуецца на чыста прагматычных разліках, паколькі Міністэрства эканомікі «не адносіцца да ведамства «адгадай».

Пры гэтым чыноўнік выказаў упэўненасць у тым, што макраэканамічная стабілізацыя ў краіне захаваецца і па выніках года ўдасца стрымаць інфляцыю ў рамках запланаваных 12%. Зіноўскі таксама падкрэсліў, што яго радуюць поспехі ў сферы машынабудавання, дзе на сёння зафіксаваны самы нізкі за апошнія гады ўзровень складскіх запасаў, а таксама тое, што «нядрэнна развіваецца сельская гаспадарка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?