20 гадоў таму Беларусь канчаткова перайшла да аўтарытарнай формы кіравання. Беларускія медыя не абмінулі гэтую гадавіну.

Ад старых, характэрна бэтэшных відэазапісаў — да ўспамінаў сведкаў. Што з'явілася ў інтэрнэце з нагоды гадавіны?

Архіўныя відэазапісы: «…занадта нагадвае помныя часіны сталінскай канстытуцыі»

Сёлета ў верасні Алег Волчак пачаў змяшчаць на сваім youtube-канале відэазапісы лістапада 1996 года (і не толькі). Пераважна гэта запісы БТ (АТН), у меншай ступені расейскіх тэлеканалаў.

Гэта цікавыя архіўныя помнікі. Яны дазваляюць зазірнуць у Авальную залу тады, калі карпарацыйная культура цяперашняга беларускага парламентарызму там яшчэ не ўкаранілася.

Павел Знавец пытаўся пра цану рэферэндуму (у прамым сэнсе — колькі ён каштавацьме бюджэту); Вольга Абрамава закідала дзеянням прэзідэнта неканстытуцыйны характар. Запіс мітынгу ў Гомелі (паводле каментатаркі, 50 тысяч чалавек) у падтрымку кіраўніка дзяржавы. Там Лукашэнка наўпрост звяртаўся па падтрымку да грамадзян краіны. Самае балючае — два відэазапісы з Віктарам Ганчаром, які стаў адной ключавой фігурай лістападаўскіх падзей.

Са звароту дэпутаткі Вольгі Абрамавай, між іншым, можна даведацца, чаму ў лістападзе 1996 года не была зацверджаная новая канстытуцыя, і Беларусь дагэтуль жыве — выключна фармальна — па асноўным законе, ухваленым 14 сакавіка 1994 года.

Справа ў тым, што тагачасны закон аб рэферэндуме забараняў зацвярджаць праз рэферэндум новую канстытуцыю — толькі дапаўненні і змяненні. Таму прэзідэнт аргументаваў, што гэта не новая канстытуцыя, але «вельмі шкада, што вы забаранілі, ці не вы, а былыя дэпутаты, — вельмі шкада! Народ усякае пытанне можа разгледзець».

Радыё «Свабода»: «Апошні дзень рэспублікі»

Да архіўнага варыянта схілілася радыё «Свабода». Відэа пад кранальнай назвай «Просім вас вельмі: не здавайце Беларусь» пабудаванае як цытаты з пратакола пасяджэння ВС 22 лістапада. Галасамі журналістаў радыё «Свабода» прамаўляюць Васіль Новікаў, Анатоль Лябедзька, Аляксандр Лукашэнка, Андрэй Клімаў ды іншыя.

На гэтым пасяджэнні абмяркоўваліся вынікі славутых начных перамоў. Многія дэпутаты не хавалі свайго абурэння зместам падпісанага пагаднення. «Усё ўжо зроблена», — з роспаччу адзначаў Клімаў.

Зусім неспадзявана пачуць наступныя словы Вольгі Абрамавай: «Аляксандр Рыгоравіч, я не магу зняць свой подпіс за імпічмент, нават калі ён будзе адзіным у гэтым спісе. Дзякуй». Неспадзявана, калі ўлічыць, як склаўся ейны палітычны лёс у далейшым.

РС таксама прапанавала нешта накшталт фактаграфіі пра вынікі рэферэндуму. Аднак відэа «Што зьмяніў рэферэндум 1996 году» ўтрымлівае шэраг недакладнасцей.

У прыватнасці, суды збольшага фарміраваліся прэзідэнтам з ліпеня 1994 года (за выняткам цэнтральных судоў).

Вертыкаль улады была сфарміраваная ўвосень 1994 года, тады была скасаваная выбарнасць старшынь выканкамаў (да гэтага часу яны выбіраліся саветамі). У лістападзе 1996 года Вярхоўны Савет ставіў пытанне пра ліквідацыю «вертыкалі» і ўвядзенне прамых выбараў, але пытанне было адхіленае.

Нарэшце, паводле канстытуцыі нават пасля лістапада 1996 года прэзідэнт не атрымаў права прызначаць «увесь урад». Прэм’ер-міністр усё яшчэ зацвярджаецца ніжняй палатай Нацыянальнага сходу, і без гэтай згоды прызначэнне прэм’ер-міністра немагчымае. У параўнанні з канстытуцыяй 1994 года ў гэтым дачыненні змянілася няшмат: знікла неабходнасць зацвярджаць у парламенце міністраў унутраных і замежных спраў, фінансаў, старшыняў КДБ і Нацыянальнага банка.

І апошняе: чамусьці абмінутае ўвагай трэцяе «парламенцкае» пытанне рэферэндуму — аб галосным і празрыстым фінансаванні ўсіх галін улады. Як вядома, беларусы дазволілі сваёй уладзе фінансавацца, як яе добрая ласка.

Tut.by: «Змянілася не толькі канстытуцыя»

Пасыл радыё «Свабода» даволі празрысты і прадказальны (ён выражаны вядомай цытатай з Людовіка ХIV «Дзяржава — гэта я»). Tut.by у сваю чаргу больш стрыманы. Відэа, прапанаванае парталам, канцэнтруецца найперш на канстытуцыйнай рэформе, але заўважае: «Змянілася не толькі канстытуцыя, але і ўся краіна».

З такім тэзісам пагодзіцца і Генадзь Давыдзька, і Іосіф Сярэдзіч.

У астатнім, аднак, відэа далучаецца, хутчэй, да ліберальнай інтэрпрэтацыі вірлівых падзей 1996 года. Крок за крокам аўтары прасочваюць, як развіваліся падзеі, — ад перадгісторыі і першага рэферэндуму.

Шмат цытуецца Віктар Ганчар, ізноў жа. Але ёсць і радзейшыя відэафрагменты.

Напрыклад, жанчыны пратэстуюць за Лукашэнку на плошчы Незалежнасці. «Я за роспуск! А што такое, я не панімаю, што гэта такое, што-та дзелаецца? Відзіце, как у Маскве? Ельцын: усё перавярнуў, што нада было. А наш што, Лукашэнка, — не можаць?! Нада перавярнуць. І ўсё».

Можна пачытаць таксама вытрымкі з указа прэзідэнта аб адхіленні Ганчара (са спасылкай на сумнавядомы артыкул 100 тагачаснай канстытуцыі).

Астатняе, у прынцыпе, вядомая гісторыя. Імпічмент, «дэсант», пагадненне і развязка. Можа, яшчэ нячаста ўпамінаецца фракцыйны склад сфарміраванай пасля рэферэндуму Палаты прадстаўнікоў.

БелаПАН: Інтэрв’ю з Ярмошынай і віна Шарэцкага

БелаПАН прапанаваў сваім чытачам інтэрв’ю з Ярмошынай і некалькі вялікіх публікацый, прысвечаных юбілею.

Інтэрв’ю старшыні ЦВК, якая ўпершыню заняла сваю пасаду якраз у ходзе гэтых падзей, не ўтрымлівае сюрпрызаў. Калі не лічыць ейнага прызнання, што ў 1994-м яна галасавала за Вячаслава Кебіча.

У астатнім, калі коратка, — «нацыяналістычныя законы ў шматнацыянальнай, лаяльнай краіне», здольны толькі на балбатню парламент і несімпатычныя пытанні, пастаўленыя дэпутатамі. Чаму непажадана выбіраць кіраўнікоў мясцовых самакіраванняў? Бо яны будуць непадкантрольныя грамадству, калі пачнуць злоўжываць сваім становішчам.

Артыкул Алены Спасюк «Рэферэндум-1996. Як Лукашэнка абвёў парламент вакол пальца» пабудаваны пераважна на размовах са сведкамі падзей — Мечыславам Грыбам, Міхаілам Пастуховым, Сяргеем Калякіным.

У паражэнні апазіцыі Мечыслаў Грыб вінаваціць Сямёна Шарэцкага — за нерашучасць. У сваю чаргу, Сяргей Калякін, які браў удзел у перамовах (яшчэ адным прадстаўніком ВС быў Генадзь Карпенка), ускладае асноўную віну на Ціхіню.

Гэтай жа думкі прытрымліваецца і суддзя першага складу Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Naviny.by апублікавалі таксама тэкст таго самага Пагаднення і фотаздымкі арыгіналу. Там можна ўбачыць, якія змены былі ўнесеныя ва ўжо гатовы праект: у Канстытуцыйны сход, напрыклад, не павінны былі ўключацца прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, як меркавалася спачатку. Выпраўленая і адна граматычная памылка.

Клімаў змяніў меркаванне

Асаблівую цікавасць павінен быў выклікаць выпуск «Размовы Святланы Калінкінай» з удзелам Андрэя Клімава. У 1996-м дэпутат ВС, потым — палітвязень, Клімаў у эпатажнай (на мяжы з інтэнсіўным вар’яцтвам) манеры робіць зусім неспадзяваныя вывады.

ВС сам пайшоў на абвастрэнне адносін з прэзідэнтам; імпічмент быў задуманы з адзінай мэтай — расчысціць дарогу да ўлады для Карпенкі, Ганчара, Шарэцкага, Калякіна і Пазняка. Ініцыятараў імпічменту штурхала «празмернае эга». Абранне Кебіча ў 1994-м прывяло б да Узбекістана, а ўхваленне імпічменту — да грамадзянскай вайны. Клімаў мае на ўвазе, што плынь падзей непазбежна прывяла б Беларусь да канфлікту з Масквой і яе ўмяшання ў той ці іншай форме.

Гэта толькі на першы погляд выклікае шок, але ў сапраўднасці патрабуе дэтальнага аналізу і адказнай дыскусіі. Клімаў, напрыклад, звяртае ўвагу на тое, што рэйтынг Лукашэнкі ў 1996-м усё яшчэ быў вельмі высокі. Не разбіраючыся ў канстытуцыі, грамадзяне Беларусі падтрымалі прэзідэнта. Канфлікт лістапада 1996-га ў гэтым сэнсе быў паўтарэннем маскоўскіх падзей восені 1993-га. Гэта канфлікт легітымнага парламента і папулярнага прэзідэнта. У гэтым сэнсе Ганчар, па ўсім відаць, увосень 1996-га падманваў сам сябе, калі казаў расійскім журналістам, што за прэзідэнцкую канстытуцыю прагаласуюць 30—35% беларусаў.

Пра гэта і шмат пра што іншае трэба гаварыць. Што праўда, 20-гадовы юбілей не стаў каталізатарам для пераасэнсавання і крытычнага разбору тых падзей.

Можа, на 30-годдзе?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?