Ігнрыд Бэтанкур:
«Гэта самы шчасьлівы дзень»

Калюмбійскія паўстанцы ўтрымлівалі ў палоне былую сэнатарку, грамадзянку Францыі, цягам шасьці гадоў!

Падчас апэрацыі калюмбійскіх войск таксама былі вызваленыя паўтара дзясяткі закладнікаў, у тым ліку 11 служачых калюмбійскіх сіл бясьпекі і трое грамадзян ЗША, захопленых у 2003 г., калі ў джунглях пацярпеў катастрофу іх самалёт.

Усе гэтыя людзі ўтрымліваліся групоўкай «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калюмбіі» (ФАРК), якія цягам 40 гадоў вядуць ўзброеную барацьбу з Багатой.

Інгрыд Бэтанкур, грамадзянка Калюмбіі і Францыі, была самым вядомым закладнікам ФАРК. Яе вызваленьня дабіваўся таксама ўрад Францыі.

Міністар абароны Калюмбіі заявіў, што падчас апэрацыі ў правінцыі Гуаўярэ на поўдні краіны ніхто не пацярпеў, стан здароўя ўсіх закладнікаў адносна прымальны. Між тым,пра Бэтанкур вядома, што ў яе былі сур’ёзныя праблемы зь пячонкай, прынамсі, на апошнім відэа яна выглядала вельмі нездаровай.

Тым ня менш, у інтэрвію Ассошыэйтэд прэс Бэтанкур ахарактарызавала сваё вызваленьне як «самы лепшы дзень майго жыцьця».

Посьпех Багаты і радасьць Парыжу

Пра посьпех сіл бясьпекі цяпер многа будуць казаць, паколькі ён ў значнай ступені спрашчае становішча прэзыдэнта Альвара Урыбэ.

Шмат хто патрабаваў ад Урыбэ перамоваў з ФАРК, аднак ён цяпер з новай сілай возьмецца за правядзеньне супраць групоўкі ваеннага наступу, ідэю гэту падтрымлівае Вашынгтон.


Апроч таго, вестка пра вызваленьне Бэтанкур будзе зь вялікам энтузіязмам сустрэта прэзыдэнтам Францыі Нікаля Сарказі, які зрабіў задачу яе вызваленьня адным з прыярытэтаў сваёй замежнай палітыкі.

У пачатку гэтага году міністар замежных спраў Францыі Бэрнар Кушнэр спэцыяльна езьдзіў ў Лацінскую Амэрыку, каб завязаць стасункі зь лідэрамі рэгіёну, якія валодалі дастатковым уплывам і былі здольныя садзейнічаць выкананьню гэтай задачы.

Інгрыд Бэтанкур нарадзілася 25 сьнежня 1961 г. у Парыжы. Вырасла ў Парыжы. У 1989 г. вярнулася ў Калюмбію. У 1994 г. была абрана ў парлямэнт, у 1998 г. стала сэнатарам, у 2002 г. была выкрадзена баевікамі ФАРК.

Паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0