Лідар мотаклуба «Начныя ваўкі» Аляксандр «Хірург» Залдастанаў звярнуўся да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з прапановай разглядзець магчымасць дапоўніць герб Расіі зоркай Перамогі і апраўленнем з каласоў, паведамляе RT.

Фота з архіва Аляксандра Залдастанава

Хірург растлумачыў, што ўжо даўно лічыць неабходным заявіць аб пераемнасці і пазначыць патрыятычны курс краіны на геральдычных дзяржаўных сімвалах. Для ўвасаблення прапановы ў жыццё дастаткова палітычнай волі прэзідэнта, упэўнены Залдастанаў.

Згодна з прадстаўленым ім праектам, дапоўнены дзяржаўны герб «уяўляе з сябе выяву двухгаловага арла ў промнях сонца і ў апраўленні каласоў. У верхняй частцы герба — пяціканцовая зорка Перамогі. У каляровым малюнку Дзяржаўнага герба Расійскай Федэрацыі двухгаловы арол, сонца і каласы — залатыя; зорка — чырвоная, апраўленая залатой аблямоўкай».

Па задуме Залдастанава, аб'яднанне на гербе царскіх і савецкіх сімвалаў — гэта сімвалічнае пераасэнсаванне «крымскага кансенсусу».

«Герб Расіі — гэта сімвал дзяржавы, сакральны знак нашых мінулых і будучых перамог. У першую чаргу мы павінны замацаваць пераемнасць нашай дзяржавы. Цяперашні герб — двухгаловы арол — гэта пераемнасць ад Расійскай імперыі. Але мы павінны таксама паказаць, што родам з СССР — з гагарынскага скачку ў космас, першага спадарожніка, магутнай Савецкай арміі і, вядома, тытанічнай, святой перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. І сімвал гэтага гераічнага подзвігу — зорка Перамогі — знайшоў сваё адлюстраванне на нашым гербе», — растлумачыў Залдастанаў.

Па словах Хірурга, «новы час патрабуе новых сімвалаў».

«Мы падышлі да пытання з пазіцыі пераасэнсавання нашай спадчыны. Бо калі прымаўся сучасны герб, усё савецкае падвяргалася абструкцыі. Пасля таго, як Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін вярнуў Расіі яе жамчужыну — Крым, — да расіян вярнулася і пачуццё гонару. Мы ўспомнілі: так, мы вялікі народ, менавіта мы атрымалі перамогу ў страшнай сутычцы з аб'яднанай гітлераўскай арміяй Еўропы. Хай цяпер лібералы, найміты ЦРУ, прадстаўнікі нацыянал-аранжызму выюць, што гэта ўсё вяртанне да Савецкага Саюза. Называйце як хочаце. Мы вяртаем Радзіму», — падкрэсліў Залдастанаў.

Тым часам у Крамлі заявілі, што ні пра які ліст байкера не ведаюць, паведамляе ВВС.

«Мне невядома пакуль ні пра які ліст, наколькі мне вядома, ён нікуды афіцыйна не ўваходзіў у адміністрацыю», — сказаў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў журналістам.

Ён таксама заўважыў, што змена дзяржаўнай сімволікі з'яўляецца «надзвычай аб'емнай тэмай і, вядома, яна падлягае вельмі выразнай аргументацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?