У «Прэзідэнт-гатэлі» ў Мінску пачалася сустрэча міністраў замежных спраў краін «нармандскай чацвёркі». У ёй удзельнічаюць Павел Клімкін (Украіна), Сяргей Лаўроў (Расія), Франк-Вальтэр Штайнмаер (Германія) і Жан-Марк Эйро (Францыя).
Фота Сяргея Зініна
Як заявіў перад адпраўленнем у Мінск Павел Клімкін, на перамовах ён прадставіць план па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. «Я збіраюся зрабіць асноўныя акцэнты на пытанні бяспекі і пытанні гуманітарнага характару, у прыватнасці, вызваленні нашых палітычных заложнікаў, забяспечыць доступ да іх міжнародных арганізацый, Чырвонага Крыжа. А таксама, вядома, я буду настойваць на нашым бачанні «дарожнай карты», якая будзе здольная зрабіць рэальны прагрэс у сітуацыі», — сказаў кіраўнік МЗС Украіны.
Ён таксама адзначыў, што на сёння няма падстаў для правядзення выбараў на непадкантрольных тэрыторыях. «Наша сумеснае бачанне з нямецкімі і французскімі калегамі заключаецца ў тым, каб можна было прасоўвацца да такіх крокаў, як рэальная падрыхтоўка да правядзення сумленных выбараў — цяпер такіх умоў няма, і ў нас ёсць бачанне па гэтым пытанні з Германіяй і Францыяй. З Расіяй жа у нас такога сумеснага бачання няма», — заявіў Клімкін.
Паводле слоў украінскага міністра, з боку Расіі няма разумення па пытаннях кантролю над украінска-расійскай мяжой і вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Данбаса і раззбраення.
Клімкін лічыць, што неабходна стварыць узброеную місію, якая дазволіла б забяспечыць хоць бы мінімальныя магчымасці для падрыхтоўкі працэсу свабодных і сумленных выбараў на Данбасе.
Расійскі бок збіраецца на сустрэчы ў Мінску «зверыць гадзіннікі». «Хутчэй гэта рабочая сустрэча, з тым каб» зверыць гадзіннікі», і з тым каб пазбегнуць непатрэбных і шкодных для працэсу паўзаў наогул, і на высокім, і на вышэйшым узроўні», — заявіў напярэдадні ў Маскве прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
Ён адзначыў, што ў перамовах па Украіне «сітуацыя пакуль кардынальна не паляпшаецца». «Па-ранейшаму працягваюцца «цяжкасці пераводу», вобразна кажучы. Украінскія калегі часта мяняюць пазіцыю, і па-ранейшаму, на жаль, уяўляецца нават цяжкім узгадніць асноўныя пункты таго дакумента, які называюць «дарожнай картай», якая адлюстроўвае агульнае разуменне таго, як трэба рэалізоўваць асноўныя дакументы, а менавіта: мінскія дамоўленасці», — сказаў Пяскоў.
Перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў такім фармаце праводзяцца ў беларускай сталіцы ўпершыню. Сустрэча «нармандскай чацвёркі» ў Мінску ўжо была, у лютым 2015 года, але тады яна праходзіла на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.