Сёлета спаўняецца роўна 105 гадоў, як у Пінску пачалі вырабляць папулярную для таго часу прадукцыю — клееныя фанэрныя лісты. На месцы іх сушылі, пасьля фарбавалі, шліфавалі і паліравалі. Тавар пасьпяхова разыходзіўся ў Эўропе. Ужо тады лісты фанэры выкарыстоўваліся пры абліцоўцы сьценаў, узьвядзеньні перагародак, а таксама ў аддзелцы інтэр’еру памяшканьняў. Для вытворчасьці выдатна падыходзіла палеская вольха. Зарасьлі яе былі бязьзмежныя, а нарыхтоўка — ручная і даступная.
Інвэстарамі ўкараньненьня новай тэхнялёгіі зьяўляліся браты Лур’е — грамадзяне Аўстра‑Венгерскай імпэрыі. Да таго часу Рыгор, Майсей і Давід Лур’е мелі ва ўласнасьці фабрыку па вырабу шавецкіх драўляных цьвікоў, фанэры і фанэрных скрынак. Ад 1892 году працавала і Пінская запалкавая фабрыка.
Былая фанэрная фабрыка Лур’е знаходзіцца ў Пінску непадалёку ад чыгуначнага вакзалу. Да цяперашняга часу памяшканьні фабрыкі выкарыстоўвае вытворчае аб’яднаньне «Пінскдрэў». Яно таксама вырабляе і экспартуе клееную фанэру.
Цікавасьць да сям’і Лур’е абудзілася цяпер у Пінску ў сувязі з сэнсацыйнай знаходкай. Мясцовы вадзіцель Аляксандар Піліповіч перадаў у Муэй беларускага Палесься сапраўдную асабістую пячатку Майсэя Лур’е — заснавальніка і гаспадара Пінскай фанэрнай фабрыкі.
— Я выпадкова знайшоў рэч на дарозе, — расказвае Аляксандр Піліповіч, — спачатку меркаваў, што гэта набойка для каблука, бо яна мела форму эліпса і была вельмі замызганая. Але калі ачысьціў, то ўбачыў літары. Спэцыялісты падказалі — гэта пячатка.
Дырэктарка пінскага музэю Ірына Дзямчук ухваляе ўчынак спадара Піліповіча:
— Дзякуй яму за вельмі дарагі для Пінску экспанат. Цяпер больш канкрэтна мы зможам знаёміць жыхароў і гасьцей горада са знакамітымі пінскімі прамыслоўцамі Лур’е. Пячатка — ключ да нашай новай экспазыцыі.
Магу парадаваць пінскіх музэйшчыкаў яшчэ адной навіной. Кандыдат гістарычных навук Іна Герасімава адшукала дакладныя зьвесткі пра сына Рыгора Лур’е — Ісаака. Ураджэнец Пінска быў дыпляматычным прадстаўніком ураду БНР у Капэнгагене, а пазьней у Бэрліне.
Для прызнаньня ў іншых краінах тады патрабаваліся дзейныя меры энэргічных прадстаўнікоў. Адным зь іх якраз і быў Ісаак Лур’е.
Нарадзіўся ён у жніўні 1890 году. Закончыў Пінскую рэальную вучэльню. Пасьля атрымаў адукацыю гісторыка і журналіста. У 1915 Ісаак у Стакгольме рэдагуе газэту «Скандынаўскі веснік». У 1919 у Даніі стварае Балтыйскае тэлеграфнае агенцтва. Крыху пазьней пачынае супрацоўнічаць з урадам БНР. Хутчэй за ўсё немалаважную ролю ў гэтым адыграў Раман Скірмунт — вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага руху, уладальнік маёнтка Парэчча ля Пінску.