«Шаноўныя сябры! На пачатку грыпознага сезона папрашу вас не лячыць рэспіраторныя інфекцыі (грып і інш. ВРВІ) супрацьвіруснымі прэпаратамі. Асабліва ў дзяцей», — піша ў сваім фэйсбуку доктар Андрэй Вітушка.

«Вядзецца пра любыя супрацьвірусныя прэпараты — ад рэмантадзіна з гропрынасінам да анаферона і інтэрферонавых свечак. Таму што гэта:

1. непатрэбна;

2. бессэнсоўна;

3. небяспечна,

альбо ўсё разам.

Макет віруса грыпу. Выява з сайта cdc.gov

Макет віруса грыпу. Выява з сайта cdc.gov

Непатрэбна, бо ў большасці выпадкаў арганізм сам дасць рады вірусу, яму толькі трэба дапамагчы (болей вадкасці, знізіць занадта высокую тэмпературу (38-38,5) і г.д).

Бессэнсоўна, бо рэспіраторных вірусаў вялікае мноства, і не факт, што менавіта ваш будзе адчувальны да прэпарата, які вы прымаеце. У дадатак вірусы пастаянна мяняюцца. Як паведамляюць амерыканскія калегі, большасць варыянтаў сёлетняга віруса грыпу выпрацавала ўстойлівасць да вядомага супрацьвіруснага «Рэмантадзіна».

Эфектыўнасць разнастайных інтэрферонавых прэпаратаў, а таксама тых, што ўплываюць на сінтэз інтэрферона, пераканаўча не даказана. Тлумачэнне эфекту гамеапатычнага «Анаферона» знаходзіцца ў сферы псіхалогіі, а не вірусалогіі. Таму выснова простая — беражыце печань (вашу і вашых дзяцей) — не напружвайце яе бесталковым прыёмам неэфектыўных субстанцый.

Безумоўна, ёсць супрацьвірусныя лекі, якія могуць эфектыўна прымяняцца пры грыпе, які цяжка працякае і часам дае непрыемныя ўскладненні. Але гэта сур'ёзныя прэпараты з магчымымі пабочнымі эфектамі. Самастойна прымаць іх небяспечна — таму мэтазгоднасць гэтага варта абмеркаваць з доктарам, які не толькі трымаецца традыцый, але і сочыць за сучаснымі навуковымі публікацыямі і дасягненнямі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0