Чатыры жыхары Гомельскай вобласці ў 2004 годзе напалі на сям'ю дырэктара фабрыкі марожанага ў Брэсце і вымагалі ў кіраўніка прадпрыемства і яго жонкі $50000. Пра гэта ў эфіры праграмы «Прычыны і следства з Партон і Ганчаровай» на «Альфа Радыё» распавяла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова, піша sb.by.

Злачынцы добра падрыхтаваліся да нападу: распрацавалі план дзеянняў, размеркавалі ролі паміж сабой, загадзя падрыхтавалі зменную вопратку, абутак, шапкі-маскі з прарэзамі для вачэй, пальчаткі, некалькі скруткаў скотчу, поліэтыленавую плёнку, металічныя кайданкі.

9 лістапада 2004 года банда прыехала ў Брэст на машыне і стала назіраць за домам ахвяры з недабудаванага будынка насупраць. Калі сцямнела і вокны ў доме сямейнай пары патухлі, злачынцы ўзялі кувалду, выкрадзеную з будоўлі, разбілі акно і ўварваліся ўнутр. Гаспадароў паднялі з ложка, завялі іх рукі за спіну, надзелі кайданкі, абматалі іх галовы поліэтыленавай плёнкай. Ногі звязалі скотчам і прыматалі да рук. У выніку ахвяры не маглі ні супраціўляцца, ні паклікаць на дапамогу.

Злачынцы запатрабавалі ў сваіх ахвяр $ 50000. Дырэктар фабрыкі спрабаваў растлумачыць злачынцам, што такіх грошай у яго няма, але разбойнікі слухаць яго не сталі. Яны пачалі збіваць мужа і жонку, затым нагрэлі прас і не менш за тры разы прыклалі да розных частак цела мужа. Таксама яны пагражалі, што заб'юць яго жонку.

Дырэктар фабрыкі усё ж сказаў нападнікам, дзе ў доме ляжаць грошы. Але сума, якая захоўвалася там, злачынцаў не ўразіла. Яны перанеслі мужа і жонку ў душавую і працягнулі збіццё і катаванні.

Калі разбойнікі зразумелі, што не даб'юцца сваёй мэты, то забралі ўсё каштоўнае, што знайшлі ў хаце: грошы, ювелірныя вырабы, ровар, норкавае футра, мабільны тэлефон, духі, каньяк, 2 паляўнічыя стрэльбы з боепрыпасамі на агульную суму 16 578 872 рублёў у цэнах 2004 г. (прыкладна $ 7700).

Сабраўшы каштоўнасці, злодзеі схаваліся, так і пакінуўшы гаспадароў дома звязанымі. Усю вопратку, у якой здзейснілі напад, яны закапалі непадалёк. Вызваліць абаіх удалося жонцы дырэктара фабрыкі марожанага. Яна змагла вызваліць рот, бо стужка размякла з-за крыві, падпаўзла да мужа і зубамі перагрызла стужку, якой былі звязаны яго рукі і ногі.

Раскрыць злачынства не ўдавалася каля 9 гадоў. Знайсці зладзеяў удалося толькі па, на першы погляд, не звязаных паміж сабой фактах пасля стварэння Следчага камітэта.

У іншых крымінальных справах раптам сталі з'яўляцца выкрадзеныя рэчы, якія пацярпелыя апазналі. У асноўным гэта былі ювелірныя ўпрыгажэнні, аднак адзін з абвінавачаных захаваў нават ровар. Удзельнікам нападу летам 2013 прад'яўленае абвінавачванне ў таемным выкраданні маёмасці, разбойным нападзе, вымагальніцтве, крадзяжы агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.

Сваю віну яны не прызналі і адмовіліся ад дачы паказанняў. Пры гэтым трое раней ніколі не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці, а чацвёрты быў судзімы за крадзеж. Суд прысудзіў разбойнікаў да пакаранняў ад 8,5 да 17 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0