Колькасць інвалідаў у Беларусі расце, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 30 лістапада намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

Паводле яго слоў, сёння ў краіне налічваецца 554,4 тыс. людзей з усімі катэгорыямі інваліднасці, з іх 29,5 тыс. — дзеці да 18 гадоў. Паводле дадзеных статыстыкі, на пачатак 2015 года на ўліку ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне стаяла 536,8 тыс. інвалідаў, у тым ліку 27,4 тыс. дзяцей.

Удзельная вага інвалідаў у агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі складае 5,8%.

Працоўныя пенсіі ў Беларусі атрымліваюць каля 473,5 тыс. інвалідаў, сацыяльныя пенсіі — 55,3 тыс., У тым ліку 28,4 тыс. дзяцей-інвалідаў.

Румак падкрэсліў, што, улічваючы невялікі памер пенсіі па інваліднасці (у сярэднім 259,9 рубля), многія людзі з інваліднасцю, асабліва ў асяроддзі моладзі, хочуць працаваць. На сёння ў Беларусі працуюць 84 тыс. людзей з інваліднасцю. За 10 месяцаў гэтага года з дапамогай службы занятасці змаглі працаўладкавацца 1.656 інвалідаў, на прафесійнае навучанне накіравана 256 чалавек. Усяго за 10 месяцаў 2016 года ў якасці беспрацоўных зарэгістравана 3.895 людзей з інваліднасцю.

Намеснік міністра расказаў, што на рэалізацыю мерапрыемстваў па стварэнні безбар'ернага асяроддзя ў Беларусі да 2020 года з дзяржбюджэту выдзелена 45,3 млн рублёў. Ён падкрэсліў, што гэта грошы, запланаваныя ў праграме «Сацыяльная абарона і садзейнічанне занятасці на 2016—2020 гады», і названая сума не канчатковая. Частка устаноў, растлумачыў чыноўнік, якія дзяржава абавязвае абсталяваць безбар'ернае асяроддзе, такія як рэстараны, гасцініцы, спартыўныя ўстановы, жылыя шматкватэрныя дамы і г.д., праводзяць у сябе рамонты для забеспячэння даступнасці за свой кошт або за сродкі мясцовых бюджэтаў.

Стаіць задача да 2020 года ўключна стварыць безбар'ернае асяроддзе на 3.624 аб'ектах ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Румак адзначыў, што вопыт папярэдніх праграм па безбар'ерным асяроддзі паказвае, што план заўсёды перавыконваецца. «Мы надаем увагу стварэнню безбар'ернага асяроддзя ў санаторыях і гасцініцах з улікам пазіцыянавання сталіцы і краіны як аднаго з цэнтраў спартыўнага руху і ў мэтах развіцця турызму», — сказаў намеснік міністра.

Таксама, паводле яго слоў, у буйных гарадах краіны будуць створаны інтэрактыўныя карты даступнасці, на якіх будуць пазначаны аб'екты, што ўжо абсталяваны безбар'ерным асяроддзем, і тыя, дзе такія работы праводзяцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?