Суд Брэсцкага раёна 2 снежня вынес прысуд 55-гадоваму фермеру Мікалаю Бельчуку з вёскі Арлянка Маларыцкага раёна за гвалт у дачыненні да інспектара ДАІ.

Фермер прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і прыгавораны да двух месяцаў арышту. Суд залічыў час утрымання абвінавачванага пад вартай з 12 кастрычніка па 1 снежня ў тэрмін прызначанага пакарання.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Мікалай Бяльчук абвінавачваўся ў тым, што 9 мая 2014 года з 18.30 да 18.40 у двары дома па вуліцы Палявой у вёсцы Страдзічы Брэсцкага раёна сумесна са сваім братам учыніў гвалт у дачыненні да інспектара дарожна-патрульнай службы ДАІ Брэсцкага РАУС.

Той прыбыў для разбору па паведамленні аб учыненні адміністрацыйнага правапарушэння: сын Мікалая Бельчука кіраваў самаробным незарэгістраваным і незастрахаваным трактарам на адной з вуліц вёскі.

Як вынікала з абвінавачання, каб пазбегнуць пакарання, мужчыны спрабавалі схаваць трактар. На законныя патрабаванні супрацоўніка ДАІ спыніць супрацьпраўныя дзеянні адрэагавалі агрэсіўна. Брат Мікалая Бельчука некалькі разоў ударыў кулакамі інспектара. Калі той утрымліваў нападніка, да іх падышоў Мікалай і ўкусіў інспектара за тыльную паверхню правай кісці.

У выніку пацярпеламу былі прычынены лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія прывялі да кароткачасовае расстройства здароўя.

На судовым пасяджэнні Мікалай Бяльчук не прызнаў сваёй віны і заявіў, што не кусаў міліцыянера. «Мы прыехалі з братам Аляксандрам з Арлянкі на машыне, пасля таго як патэлефанаваў мой сын Віктар і сказаў, што наш самаробны трактар будуць забіраць на штрафстаянку. Гэты трактар выкарыстоўваюць усе Бельчукі для працы ў цяпліцах, калі трэба перавозім яго на прычэпе, — растлумачыў Мікалай Бяльчук. — Калі Аляксандр спытаў у супрацоўніка ДАІ, на якой падставе гэты трактар забяруць, той ускіпеў: што ты мне тыкаеш! Схапіў за грудкі Аляксандра, тузануў на капот, потым падвёў да плота. Я стаў паміж імі. Гэта і на здымках відаць, я проста стаяў, каб брата не білі».

Дапытаны на судовым пасяджэнні супрацоўнік міліцыі расказаў сваю версію таго, што адбылося, і пацвердзіў прычыненне яму братамі Бельчукамі цялесных пашкоджанняў.

Мікалай Бяльчук быў затрыманы 12 кастрычніка 2016 года і змешчаны ў СІЗА. Там ён 1 лістапада пачаў галадоўку.

Суд Брэсцкага раёна пачаў разглядаць справу 23 лістапада. Пры аб'яўленні перапынку на першым судовым пасяджэнні Бяльчук паведаміў журналістам, што ён яе працягвае.

Як паведамлялі СМІ, у студзені 2015 года Аляксандр Бяльчук быў асуджаны па арт. 364 КК на тры месяцы арышту. Ён не прызнаў віны і прысуд абскардзіў, але беспаспяхова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?