Менская міліцыя просіць грамадзян дапамагчы ў расьсьледаваньні выбуху ў ноч на 4 ліпеня, а таксама ў высьвятленьні асобаў, якія маюць дачыненьне да гэтага злачынства.
"Калі вы сталі сьведкамі выбуху, ці знаходзіліся на гала-канцэрце да ці пасьля гэтага інцыдэнту і вам вядомыя нейкія дэталі, а таксама калі ў вас ёсьць нейкія меркаваньні на гэты конт, ці вы валодаеце фота ці відэакадрамі зь месца падзей, просім вас зьвярнуцца ў ГУУС Менгарвыканкаму", — гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным на сайце ГУУС Менгарвыканкаму. Канфідэнцыйнасьць і ўзнагароджаньне гарантуюцца.
Апублікаваныя тэлефоны для кантактаў: 227-21-24, 227-44-19, 227-27-12, 200-60-36, 229-40-92 ці 102; электронны адрас: [email protected].
Паводле дадзенага факту заведзена крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 339 (вельмі зламыснае хуліганства).
Рыхтуюцца фотаробаты меркаваных злачынцаў.
Паводле апошніх зьвестак, у бальніцах гораду працягвае знаходзіцца 40 чалавек, што пацярпелі ў выніку выбуху. Усяго, паводле зьвестак ГУУС, пацярпелі каля 50 грамадзян. Стан траіх ацэньваецца як цяжкі. Век пацярпелых – ад 13 да 78 гадоў. Ад выбуху таксама пацярпелі тры супрацоўнікі міліцыі.