Арганізатары «Еўрабачання» разглядаюць магчымасць правесці музычны конкурс у 2017 годзе ў Маскве, паведамляе Bild са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй.
Прапанова звязана з фінансавымі праблемамі, з якімі сутыкнулася Украіна пры падрыхтоўцы да конкурсу.
У апошнія гады выдаткі на арганізацыю «Еўрабачання» складаюць ад 17 да 25 млн еўра, адзначае Bild. Звычайна 10—14 млн еўра плаціць Еўрапейскі вяшчальны саюз, астатнія грошы ўкладвае краіна, што прымае конкурс.
Намеснік гендырэктара Нацыянальнай тэлекампаніі Украіны Вікторыя Раманава распавяла, што ўлады краіны ўжо гарантавалі выдзеліць на арганізацыю конкурсу 15 млн еўра.
У канцы лістапада в.а. кіраўніка Нацыянальнай тэлекампаніі Украіны Аляксандр Харэбін распавёў, што Украіну могуць пазбавіць права правядзення «Еўрабачання». Еўрапейскі вяшчальны саюз патлумачыў гэта зрывам падрыхтоўкі да конкурсу. Харэбін звязаў сітуацыю з бюракратыяй і грэблівым стаўленнем да конкурсу некаторых чыноўнікаў.
Канчатковае рашэнне аб месцы правядзення конкурсу Еўрапейскі вяшчальны саюз павінен прыняць 8 снежня на генеральнай асамблеі.