Італія сёння галасуе на рэферэндуме. Малады прэм'ер-міністр краіны, 41-гадовы Матэа Рэнцы, хоча рэфармаваць палітычную сістэму, зменшыўшы ролю верхняй палаты парламента і правы рэгіёнаў.

Галоўная мэта рэформы — зрабіць палітычную сістэму больш стабільнай, а выканаўчую ўладу — менш залежнай ад дробных палітычных партый. Асаблівасцю Італіі ўсе апошнія 70 гадоў была частая змена ўрадаў і карумпаванасць палітыкаў.

Рэнцы заяўляў, што сыдзе ў адстаўку, калі прайграе на рэферэндуме.

Усе апазіцыйныя партыі заклікалі галасаваць «супраць».

Расійскія СМІ асабліва прыхільна пішуць пра папулісцкую, нядаўна створаную партыю «Пяць зорак» на чале з тэлевядоўцам-комікам Бэпэ Грыла. «Пяць зорак» абяцаюць у выпадку свайго прыходу да ўлады правесці плебісцыт аб выхадзе Італіі з зоны еўра, што можа прывесці да дэзінтэграцыі Еўрасаюза і яго падзелу на паўднёвы і паўночны блокі дзяржаў.

Рэнцы трымаецца асцярожнай лініі ў замежнай палітыцы. На словах ён прыхільнік мяккай лініі адносна Расіі, але ў рэальнасці аддае Берліну і Ангеле Меркель права вырашаць асноўныя кірункі гэтай палітыкі. Таму ЕС захоўвае санкцыі супраць Расіі, уведзеныя ў адказ на захоп Расіяй Крыма і Данбаса.

Сацыёлагі прагназуюць паразу Рэнцы і перамогу праціўнікаў рэформы. Як пішуць італьянскія СМІ, супраць будзе галасаваць моладзь і жыхары поўдня краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?