«Гэтай ноччу ў пасёлку Княжычы Браварскога раёна адбылася жудасная трагедыя, у выніку якой загінулі 5 супрацоўнікаў паліцыі, — паведамляе ў сваім фэйсбуку дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка. —

Абставіны трагедыі такія.

Месца трагедыі. Тут і ніжэй фота з фэйсбука Герашчанкі

Крымінальны вышук горада Кіева працаваў над затрыманнем небяспечнай банды рабаўнікоў, якая сістэмна рабавала дамы кіяўлян і жыхароў Кіеўскай вобласці.

У гэтую ноч супрацоўнікі крымінальнага вышуку атрымалі аператыўную інфармацыю пра тое, што чарговае рабаванне можа адбыцца ў пасёлку Княжычы. Туды выехала група затрымання крымінальнага вышуку і спецпадраздзяленне КОРД.

На адной з вуліц пасёлка Княжычы, у будаваным прыватным доме, былі размешчаныя паліцыянты-разведчыкі, задача якіх была сачыць за становішчам і падаць каманду на затрыманне бандытаў.

Недабудаваны дом, у якім былі размешчаныя супрацоўнікі паліцэйскай выведкі.

Планавалася класічнае затрыманне банды рабаўнікоў у той момант, калі яны паспрабуюць прыступіць да ажыццяўлення злачыннай задумы. Аднак трагічны ланцуг выпадковасцяў перашкодзіў гэтаму.

У гэты час у суседнім доме у аўтаматычным рэжыме спрацавала ахоўная сігналізацыя. На месца прыбыў нарад дзяржслужбы аховы, які заўважыў і затрымаў дваіх паліцэйскіх-разведчыкаў.

Дом, у якім выпадкова спрацавала ахоўная сігналізацыя, і з-за якой на месца выехалі супрацоўнікі дзяржслужбы аховы.

У той жа час група захопу, мяркуючы па ўсім, вырашыла, што супрацоўнікі выведкі патрапілі ў бяду, захопленыя злачынцамі, якія іх выявілі, і выехалі на мікрааўтобусе на вуліцу, дзе супрацоўнікі ДСА затрымалі паліцэйскіх-разведчыкаў.

Далей паміж супрацоўнікамі ДСА і групай захопу адбылася перастрэлка, якая доўжылася некалькі імгненняў і забрала пяць жыццяў. Загінулі двое супрацоўнікаў дзяржслужбы аховы, двое паліцэйскіх-разведчыкаў і супрацоўнік спецпадраздзялення КОРД, які ўваходзіў у групу захопу.

Рабіць заўчасныя высновы і ладзіць спекуляцыі на гібелі паліцэйскіх — нельга!

Следчыя пракуратуры ўжо працуюць на месцы трагедыі і будуць пасекундна аднаўляць усе дэталі таго, што адбылося, і высвятляць прычыны таго, як і чаму ўсё гэта стала магчымым.

Унутранае расследаванне Нацыянальнай паліцыі таксама будзе поўным, усебаковым і сумленным. Грамадства будзе ведаць усю праўду аб гэтай трагедыі.

Трое падазраваных у разбоях, якіх рыхтаваліся злавіць «на гарачым», пачуўшы перастрэлку, адмовіліся ад свайго плана па рабаванні і выехалі на двух Toyota Land Cruiser 200 у бок Кіева, дзе былі затрыманыя аператыўнікамі.

У іх канфіскаваная агнястрэльная зброя. Яны затрыманыя, і ім будуць выстаўленыя абвінавачванні ва ўчыненых рабаваннях і разбоях».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?