Было прынята лічыць, што Беларусь займае першае месца ў Еўропе па колькасці міліцыі на душу насельніцтва - каля 1200 на 100 тысяч чалавек. Але міністр унутраных спраў Шуневіч прывёў іншыя звесткі — 405. Гэтая лічба бліжэйшая да сярэднееўрапейскай (300—400). Дзе праўда? На гэтае пытанне спрабуе адказаць Беларускі бяспекавы блог.

mogilev-region.gov.by

1 снежня міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, выступаючы на тэлеканале «Беларусь-1», паведаміў, што штатная колькасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (далей па тэксце ОУС) складае 405 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. Г. зн. усяго каля 39 тысяч чалавек. Гэта стала першай афіцыйнай інфармацыяй адносна колькасці ОУС за апошнія амаль 10 гадоў. Раней з'яўлялася інфармацыя, якая тычылася колькасці толькі асобных службаў.

Аднак ОУС — толькі частка, няхай і асноўная, МУС.

Што такое ОУС

Згодна з арт. 11 Закона «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» сістэму органаў унутраных спраў утвараюць:

арганізацыйна:

  • Міністэрства ўнутраных спраў (цэнтральны апарат);
  • тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў — галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінгарвыканкама і падпарадкаванае яму ўпраўленне ўнутраных спраў па ахове Мінскага метрапалітэна, упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкамаў, упраўленні, аддзелы ўнутраных спраў гар- і райвыканкамаў (мясцовых адміністрацый), а таксама аддзелы ўнутраных спраў на транспарце і аддзяленні ўнутраных спраў на транспарце (ОУС на транспарце);
  • установы адукацыі і арганізацыі аховы здароўя, створаныя для забеспячэння выканання задач, ускладзеных на ОУС;

функцыянальна:

  • міліцыя;
  • падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі (статус дэпартамента);
  • падраздзяленні аховы (статус дэпартамента);
  • падраздзяленні фінансаў і тылу (статус дэпартамента);
  • органы і ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы (статус дэпартамента).

У сістэму ОУС уваходзяць таксама іншыя падраздзяленні, якія ствараюцца па рашэнні Міністра ўнутраных спраў, калі іншае не вызначана прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і іншыя арганізацыі, якія ствараюцца па рашэнні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Да такіх, у прыватнасці, адносіцца Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС. Які, хоць наўпрост не пазначаны ў Законе ў якасці ОУС, у сілу п. 9 Палажэння аб Дэпартаменце забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС, яго штатная колькасць устанаўліваецца ў межах штатнай колькасці супрацоўнікаў і грамадзянскага персаналу ОУС, устаноўленай прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а таксама выдаткаў на яго ўтрыманне.

У сістэму ОУС не ўваходзяць Унутраныя войскі МУС.

Разам

Агульная колькасць ведамства застаецца невядомай, аднак яна можа быць вылічаная зыходзячы з наяўных звестак з хібнасцю ў 5-7%. Раней у сакавіку 2013 года паведамлялася, што разліковая штатная колькасць МУС складае каля 79-82 тысяч чалавек. З якіх наўпрост аховай правапарадку павінны займацца 35-40 тысяч супрацоўнікаў міліцыі. Рэальна гэтая колькасць была меншай на 15-20% за кошт некамплекту.

За апошнія тры з паловай гады сістэма МУС зведала значныя структурныя змены. Ведамства страціла ўласнае папярэдняе расследаванне і экспертна-крыміналістычную службу. А ўсяго не менш за 6 тысяч чалавек. Акрамя таго, прайшлі скарачэнні Міністэрства ў межах колькасці некамплекту, арыентыровачна — 3 тысячы пасад у асноўным за кошт адміністрацыйных і дапаможных звёнаў. Частка адміністрацыйных пасад ведамства разатэставаная, г. зн. пераведзеная ў разрад грамадзянскіх служачых.

Такім чынам, разліковая колькасць МУС Беларусі складае каля 69 тысяч супрацоўнікаў і грамадзянскага персаналу, у тым ліку: супрацоўнікі ОУС — 39 тысяч чалавек, Унутраныя войскі — да 14 тысяч чалавек, грамадзянскі персанал — каля 16 тысяч.

Ведамства пакуль захоўвае лідарства па штатнай колькасці сярод сілавікоў. Аднак вельмі імаверная сітуацыя, пры якой ужо ў бліжэйшы час штатная колькасць Мінабароны дагоніць і перагоніць МУС. І калі трансфармацыі ў міліцэйскай сістэме выкліканыя бюджэтнымі абмежаваннямі, неабходнасцю павысіць эфектыўнасць працы праваахоўнікаў без нарошчвання фінансавання, то працэс павелічэння вайсковых шэрагаў з'яўляецца следствам разбурэння сістэмы рэгіянальнай бяспекі і няяснасцю перспектыў беларуска-расійскага ўзаемадзеяння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0