Міністэрства культуры Расіі гатова ўкладваць у здымкі сумесных з Беларуссю фільмаў два рублі на адзін беларускі рубель. Пра гэта заявіў міністр культуры РФ Уладзімір Мядзінскі на супольным пасяджэнні калегій міністэрстваў культуры Расіі і Беларусі ў Санкт-Пецярбургу. У такі спосаб Расія атрымала б кантроль над тэматыкай фільмаў, што здымаюць беларусы.

«У любы праект, які мы сумесна ўхвалім, два рублі будуць ісці ад Мінкультуры РФ на адзін рубель ад Беларусі, — цытуе Мядзінскага агенцтва ТАСС. — Давайце разгледзім гэтыя праекты, не важна, хто гэта робіць — зборная каманда ці сама Беларусь, ці «Ленфiльм» з Беларуссю. Потым мы разам будзем атрымліваць даходы ад пракату. Ідэй шмат, гэта не абавязкова павінны быць гістарычныя тэмы, цікава і пра сучаснае жыццё зняць, мы разам жывём, разам працуем».

Пра супрацоўніцтва з Беларуссю міністр яшчэ адзначыў, што не варта «біцца аб сценку» і спрабаваць знайсці грошы ў бюджэце Саюзнай дзяржавы на вытворчасць сумесных карцін, трэба выкарыстоўваць «механізм ручнога кіравання», калі ў стварэнні стужкі ўдзельнічаюць некалькі краін, а таксама дапамагае бізнес і аб'яўляецца народны збор сродкаў.

Што да канкрэтных планаў, то Беларусь і Расія хочуць разам зняць тэлесерыял «Спадар Не» пра былога міністра замежных спраў СССР Андрэя Грамыку.

Мяркуецца, што ён будзе складацца з 12-ці 50-хвілінных серый. Для здымак могуць быць выкарыстаны пляцоўкі «Беларусфільма» і «Ленфiльма». Таксама запланаваны здымкі ў Вашынгтоне і Лондане.

Фінансаванне праекта прапануецца весці за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы.

Андрэй Грамыка займаў пасаду міністра 28 гадоў, з 1957 да 1985 гадоў. «Спадаром Не» яго празвалі за ўпартасць у адстойванні савецкай пазіцыі.

Грамыка нарадзіўся на Гомельшчыне, вучыўся па-беларуску ў мінскім Эканамічным інстытуце, да канца жыцця па-руску і па-англійску гаварыў з моцным беларускім акцэнтам, але стаў пісацца рускім, калі пачаў рабіць кар'еру ў Маскве.

Ён прызначаўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР пераважна ад Беларусі. Адданы савецкай імперыі, ён уяўляе сабой зручную для Масквы постаць «вернага беларуса».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?