26 лістапада ля латыгальскай царквы на Вілейшчыне ўсталявалі інфармацыйны стэнд.
Мерапрыемства зладзілі сябры таварыства «Ахова помнікаў Беларусі» імя Аляксея Лужынскага і кіраўнік таварыства Дзяніс Канецкі. Ініцыятыву падтрымаў краязнаўца, пісьменнік і гісторык Аляксандр Плавінскі, які сам паходзіць з Латыгалі. Ён стаў спонсарам праекта, а таксама напісаў тэкст для стэнда.
На працягу некалькіх гадоў сябры таварыства ладзяць падобныя праекты. Усталяванне інфармацыйнага стэнда ля латыгальскай царквы — ужо 11 па ліку праект на Вілейшчыне.
Нягледзячы на дрэннае лістападаўскае надвор’е на мерапрыемства прыйшло шмат людзей. Акрамя мясцовых жыхароў прыехалі неабыякавыя да гісторыі людзі з Мінска, Маладзечна, суседняй Вязыні. Былі таксама госці з Украіны.
— Я вельмі ўдзячны ўсім, хто прымаў удзел ва ўсталяванні стэнда і спадзяюся на тое, што работа па захаванні гістарычнай спадчыны нашай малой радзімы, Вілейшчыны, будзе працягвацца, — расказаў Аляксандр Плавінскі.