president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка разлічвае на пачатак самага актыўнага дыялогу паміж Беларуссю і Польшчай. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з маршалкам сената Польшчы Станіславам Карчэўскім, паведамляе БелТА.
«Вельмі спадзяюся і амаль упэўнены, што ваш візіт у Беларусь будзе пачаткам самага актыўнага дыялогу паміж нашымі краінамі, — заявіў беларускі лідар. — Пры ўсіх інтарэсах Польшчы і Беларусі, пагадзіцеся, дзяліць нам няма чаго. Мы заўсёды жылі ў дружбе і згодзе. У нас вельмі блізкая, а часам агульная гісторыя. І паколькі часам узнікаюць пытанні з боку Польшчы, можа быць, у нас у часткі насельніцтва, у дачыненні да нашай агульнай гісторыі, я вас хачу запэўніць, што мы заўсёды будзем адкрытыя. Мы гатовыя адказваць заўсёды на пытанні і запыты польскага боку».
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў практычна такія падыходы ў дачыненні да гісторыі.
«Гісторыя не павінна змяняцца пад палітыку і палітычных дзеячаў. Гісторыю нельга змяняць пад кан'юнктуру падзей. І наша галоўная задача — максімальна дакладна яе ведаць і дзейнічаць так, каб у наш адрас потым не сказалі, што мы не ўлічваем гістарычнае мінулае і ўрокі гісторыі», — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў апошні час паміж краінамі актывізаваўся палітычны дыялог, адбыўся шэраг візітаў на розных узроўнях. Пры гэтым паміж Беларуссю і Польшчай ўсталяваўся даволі высокі ўзровень гандлёва-эканамічных адносін. «Але гэта абсалютна не адпавядае нашым магчымасцям. Мяркую, што нам тут ёсць над чым працаваць. Вы абсалютна можаце разлічваць на тое, што закрытых тэм і сфер у нашых адносінах быць не можа. Мы заўсёды будзем адкрытыя, гатовыя абмяркоўваць любую праблему», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што краінам неабходна падымаць палітычныя адносіны на ўзровень эканамічных.
«Без народнай дыпламатыі, без парламенцкага вымярэння ў сучасным свеце вельмі цяжка выбудоўваць і палітычныя, і эканамічныя адносіны. Таму ваш візіт яшчэ важны і таму, што ён будзе садзейнічаць нармалізацыі нашых адносін і выхаду на высокі ўзровень супрацоўніцтва», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Па выніках студзеня-верасня 2016 года вартасны аб'ём беларуска-польскага таваразвароту склаў $ 1,52 млрд супраць $ 1,38 млрд за аналагічны перыяд мінулага года. Аб'ём беларускага экспарту ў Польшчу склаў $ 642,5 млн (тэмп росту 112,4%), імпарту з Польшчы — $ 877,6 млн (108%). Польшча з'яўляецца трэцім партнёрам Беларусі па тавараабароце, шостым — па экспарце і трэцім — па імпарце.
У студзені—верасні 2016 года ў эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Польшчы на суму $ 174,5 млн, большасць з якіх прамыя. Польшча ўваходзіць у першую дзесятку краін-інвестараў у эканоміку Беларусі.
У Польшчы дзейнічае 17 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб'ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб'ютараў беларускіх прадпрыемстваў. У Беларусі працуе звыш 350 прадпрыемстваў з польскім капіталам.