Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Фота БелТА.

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Фота БелТА.

Апошнія дні мая стужка забітая абмеркаваннямі Шуневіча і МУС. У цэлым усе выказванні ў негатыўным ключы: садысты, бязмежнікі, і наогул — АСАВ. Пры гэтым неяк забываецца, што адказнасць заўсёды і толькі — персанальная.

Навешванне ж ярлыкоў на ўсіх людзей з сістэмы МУС — як мінімум неаб'ектыўна. На кожны выпадак негатыву ў дзейнасці міліцыі ёсць як мінімум не меншая колькасць выпадкаў пазітыўных. Часам — на мяжы подзвігу.

Праблема, уласна, не ў Шуневічу. Ён усяго толькі перадатачны механізм зверху ўніз. Праблема ў тым, што ў нас усе сферы, так ці інакш звязаныя з уладай, гранічна закрытыя і непадкантрольныя грамадству. І не толькі сілавыя ведамствы. Паспрабуйце дамагчыся праўды ад цывільных чыноўнікаў — калі няма пратэкцыі, то гэта практычна немагчыма. Ды што чыноўнікі — у нас практычна немагчыма пацвердзіць медыцынскую халатнасць, напрыклад.

Блат, непразрыстасць, ілжывае пачуцце карпаратыўнасці, успрыманне прызнання ўласных памылак як слабасці — усё гэта ізалюе ўладныя ўстановы ад народу і, па сутнасці, аслабляе ўсю сістэму ўлады.

Больш за тое, існуючая сістэма дзяржкіравання — ёсць механізм самавольства ў дачыненні да шараговых сваіх супрацоўнікаў / служачых / работнікаў. Якія па факце наогул бяспраўныя перад асобаю начальства. Чалавек не з сістэмы можа падняць хоць бы шуміху. Маленькі чалавек з сістэмы не можа нават гэтага — інакш выкінуць з воўчым білетам.

Як вынік існуючай сістэмы ўлады — з'яўляюцца «мы» і «яны». «Яны» — гаспадары жыцця, якім усё дазволена і якія не нясуць ні за што адказнасці. «Мы» — заўсёды зняважаныя і абражаныя. І не важна, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці. У дадзеным выпадку значэнне мае толькі суб'ектыўнае ўспрыманне сітуацыі масамі. «Усякае валадарства, якое раздзялілася самое ў сабе, запусцее». Шчасце нашага «валадарства», што пасля 1996 года яго ніхто не спрабаваў разгойдваць.

Калі (не ў выпадку калі, а менавіта калі) наша «валадарства» атрымае нармальнага штурхяля, з імавернасцю 90% усе пасыпецца. І мы апынемся ў сітуацыі ранняга Саакашвілі, якому, па сутнасці, давялося збіраць дзяржаву зноўку.

У гэты момант спатрэбяцца саюзнікі ад сістэмы ўлады.

Трэба і далей выцягваць на публіку ўсе выпадкі злоўжыванняў і несправядлівасці з боку тых, хто мае ўладу. Але пры гэтым

не варта апускацца да навешвання ярлыкоў на ўсе «вінцікі» сістэмы. Большасць з якіх працуе цалкам годна.

Грамадства, або яго актыўная частка, павінна дамагацца большай адкрытасці і празрыстасці ўсёй сістэмы дзяржаўнай улады і атрымальнікаў бюджэтных рэсурсаў. Каб зразумець, як працуе дзяржаўны механізм. Што там неабходна да зарэзу, а без чаго (і каго) можна абысціся.

Як вынік: апэцкаць дзверы дзярмом — проста. Але як потым у гэтыя дзверы пагрукаць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?