Сямігадовая Бана Алабед, чые твіты з асаджанага Алепа прыцягнулі ўвагу ўсяго свету, знікла з сацыяльных сетак.
Дзяўчынка пісала ў твітары па-англійску пад імем @alabedbana. Ёй дапамагала мама, якая працуе настаўніцай. У сваіх паведамленнях Бана Алабед апісвала паўсядзённае жыццё ў горадзе.
Але ў нядзелю ў раён Алепа, дзе жыве Алабед, уступіла сірыйская армія. У той жа дзень уліковы запіс дзяўчынкі быў выдалены.
Апошнія твіты напісала яе маці. «Маліцеся за нас. Бывайце!» — дадае яна ў канцы допіса.
На твітар Баны былі падпісаны больш за 100 тысяч карыстальнікаў. Запісы ў ім публікавалі як сама Бана, так і яе мама Фаціма. Яны апісвалі сваё жыццё на ўсходзе Алепа пад пастаяннымі абстрэламі і бамбёжкамі.
У кастрычніку Фаціма распавяла Бі-бі-сі, што яе дачка хацела б, каб свет пачуў іх галасы.
У адным твіце ў лістападзе казалася: «Сёння ў нас няма дома, ён разбураны бомбай і я апынулася сярод руінаў. Я бачыла мёртвых і амаль памерла».
У іншым паведамленні дзяўчынка паведамляла пра смерць сяброўкі, якая загінула пад бомбамі.
Яшчэ ў адным відэа, размешчаным у запісе, Бана з'яўляецца разам з братамі - пяцігадовым Махамедам і трохгадовым Нурам. У твіце сказана: «Мы малюем з братамі перад прылётам самалётаў Нам патрэбны мір, каб маляваць».
Іншае кароткае відэа адлюстроўвае яе з братамі ў пакоі. «Мы будзем жыць разам вечна», - напісала Бана.