Крыніца Бі-бі-сі паведамляе, што сямігадовая Бана Алабед, якая пісала ў твітары з асаджанага Алепа, як і яе маці, знаходзяцца ў бяспецы. Месца знаходжання дзяўчынкі і маці не выдаецца.
Напярэдадні стала вядома, што Бана Алабед, чые твіты з Алепа прыцягнулі ўвагу ўсяго свету, знікла з сацыяльных сетак.
Дзяўчынка пісала ў твітары па-англійску пад імем @alabedbana. Ёй дапамагала мама, якая працуе настаўніцай. У сваіх паведамленнях Бана Алабед апісвала паўсядзённае жыццё ў горадзе.
Але ў нядзелю ў раён Алепа, дзе жыве Алабед, уступіла сірыйская армія. У той жа дзень уліковы запіс дзяўчынкі быў выдалены.
Апошні твіт у запісе напісала яе маці. Ён абвяшчаў: «Мы ўпэўненыя, што войска нас забярэ. Убачымся калі-небудзь, дарагі свет. Бывайце. Фаціма».