У Калядны пост праходзіць дабрачынная акцыя, якую яе арганізатары Павел і Марыя Каралёвы назвалі «Малюнак да сэрца». Аўтары праекту прапануюць кожнаму з нас падрыхтаваць малюнкі, якія потым будуць перададзеныя ў мінскія бальніцы для ўпрыгожвання бальнічных сцен. Падрабязнасці — у размове з Марыяй Каралёвай, піша sobor.by.

- Як узнікла ідэя правядзення такой акцыі?

— Ідэя ўзнікла не ў мяне, а ў Паўла Каралёва. Быў час, калі ў яго захварэла бабуля. Ён часта наведваў яе ў бальніцы, і калі прыходзіў у гэтыя палаты, то бачыў, што там няма на што паглядзець, бачыў гэтыя сцены. Ён вырашыў, што можна было б зладзіць такую акцыю, і вырашана было назваць яе «Малюнак да сэрца». Цікавая рэч, што першапачаткова планавалася назваць яе «Малюнак для сэрца», але пасля ўсё ж такі параіліся і вырашылі, што варыянт «Малюнак да сэрца» больш змястоўны і больш шматзначны. Была ўжо напрацавана нейкая база ў плане калядавання, мы ездзілі ў розныя вёскі, напрыклад, часта бывалі ў Крэва. Ездзілі выключна з песнямі, як звычайныя калядоўшчыкі. Таму ў Мінску акцыю з перадачай карцін у бальніцы было вырашана спалучыць менавіта з абрадам калядавання, каб не проста падарыць нейкую памяць, прынесці добрую вестку, але яшчэ і заспяваць песні, нейкім чынам абнадзеіць людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі.

- Якія ўстановы аховы здароўя зараз удзельнічаюць у дадзенай акцыі?

- У гэтым годзе яшчэ пакуль што няма дакладнага спісу, але звычайна мы ходзім у тым ліку ў Мінскі гарадскі анкалагічны дыспансэр. Мы таксама ездзілі ў дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў і ў дзевятую бальніцу. У гэтым годзе мы плануем усё ж такі не парываць сувязь з анкалагічным цэнтрам, таксама, магчыма, гэта зноў будзе дзевятая бальніца. Яшчэ быў час, калі мы ездзілі ў Бараўляны, у дзіцячую анкалогію, магчыма, у гэтым годзе таксама атрымаецца. Яшчэ нам параілі госпіталь для ветэранаў Вялікай айчыннай вайны. Старшыня Беларускага фонда культуры, установы, якая таксама падтрымлівае гэтую акцыю, падказаў нам, што ў гэтым госпіталі, у тым ліку, патрэбны карціны, бо іх там не так і шмат.

Мы яшчэ наладжваем сувязі з бальніцамі. Часам бывае такое, што якраз перад перадачай малюнкаў нехта адгукаецца, а камусьці трэба складаць афіцыйны ліст з подпісамі. Чым раней мы звяртаемся ў бальніцу, тым больш верагоднасць таго, што нас там прымуць, не выганяць і справа будзе даведзеная да канца. Нашая мэта - каб малюнкі патрапілі ў кожную палату і каб хворыя маглі пастаянна бачыць мастацкія творы.

- З чаго складаецца сама акцыя?

- Спачатку ідзе рэклама, анансаванне таго, што адбудзецца. Калі мы разумеем, што мы здолеем гэта зрабіць, то тады мы паступова збіраем малюнкі. Нам хтосьці тэлефануе ці адпісваецца ў сацыяльных сетках, што ў яго ёсць малюнкі, мы скантактоўваемся з гэтым чалавекам і гэты чалавек перадае нам малюнак. Пасля мы падсумоўваем, глядзім, колькі ў нас ёсць малюнкаў і колькі рам, часам таксама думаем, дзе нам узяць гэтыя рамы, калі ў нас іх няма.

Гэта сітуацыя абсалютна непрадказальная. Бывала такое, што мы збіралі дастаткова шмат малюнкаў, а ў мінулым годзе мы здолелі сабраць літаральна пяць-шэсць работ і таму здолелі наведаць толькі анкалагічны дыспансэр.

Нас было зусім мала, усяго толькі тры чалавекі, але звычайна на такія калядаванні больш людзей не трэба, бо цэлым натоўпам у палату не завалішся.

Дык вось, падсумоўваецца вынік — колькі ў нас работ і колькі ў нас ёсць рам. Паралельна з гэтым працэсам ідзе дамова з бальніцамі. Канчатковы этап — мы ідзем у бальніцу, мы бярэм з сабой работы, пераапранаемся ў народныя строі ці строі калядоўшчыкаў, бярэм з сабой калядную зорку, спяваем і дорым гэтыя работы. Звычайна мы наведваем установы аховы здароўя прыкладна 12-14 студзеня, тады, калі ўжо пройдзе і каталіцкае, і праваслаўнае Раство. Тады яшчэ і людзі — часам такое бывае — падносяць дадатковыя малюнкі.

У нас няма акцэнту на канфесію. Да таго ж, мы стараемся трошкі адаптаваць нашы песні да ўстаноў аховы здароўя.

Мы прыбіраем усе просьбы і проста спяваем песні з акцэнтам на Раство Хрыстова, калі ўзышла зорка, асвяціла гэты свет і свет дазнаўся, што Хрыстос нарадзіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0